Чацвер, 04 Жнівень 2016

Браслаўскі раён: За паўгода – ніводнага пазбаўленьня бацькоўскіх правоў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Прафіляктычная работа зь непаўналетнімі і іх сем'ямі, стабілізацыя сытуацыі са злачыннасьцю і правапарушэньнямі сярод падлеткаў – на Браслаўшчыне камісіяй па справах непаўналетніх райвыканкаму ў супрацоўніцтве зь іншымі зацікаўленымі службамі вядзецца напружаная дзейнасьць, накіраваная на ахову законных правоў і інтарэсаў дзяцей.

За першае паўгодзьдзе бягучага году камісія правяла 18 паседжаньняў, падчас якіх было разгледжана больш за 90 матэрыялаў адносна асобаў, што не дасягнулі паўналетняга ўзросту, і іх шалапутных бацькоў. Так, за студзень-чэрвень чацьвёра дзяцей прызнаныя маючымі патрэбу ў дзяржаўнай ахове (за такі ж тэрмін мінулага году дзяржава забрала пад сваю апеку 7 дзяцей).

Бацькоўскіх правоў за шэсьць месяцаў гэтага году нікога не пазбавілі, у адрозьненьне ад аналягічнага пэрыяду 2015-га, калі з бацькоўскім статусам разьвіталіся тры асобы. Што тычыцца аднаўленьня бацькоўскіх правоў, то сёлета такіх выпадкаў пакуль не было, а ў першым паўгодзьдзі 2015 году свой бацькоўскі статус аднавілі двое бацькоў.

Чацьвёра дзяцей у гэтым годзе ўжо вярнулі родным бацькам, за студзень-чэрвень 2015-га такіх было трое.

Трэба сказаць, што на працягу сёлетняга шасьцімесячнага тэрміну менш у параўнаньні зь мінулым годам разглядалася матэрыялаў наконт як саміх непаўналетніх, гэтак і іх бацькоў: лічбы зьменшыліся з 53 да 38 і з 65 да 58 адпаведна.

Зьменшылася колькасьць і тых, хто стаіць на ўліку ў інспэкцыі па справах непаўналетніх РАУС: у студзені-чэрвені гэтага году – 26, летась – 45. У рэгіёне падлеткі сталі радзей трапляцца на п'янстве, дробным хуліганстве і ўхіленьні ад вучобы, але разам з гэтым пачасьціліся выпадкі зьдзяйсьненьня імі дробнага крадзяжу.

Як паведамляе КСН, у першым паўгодзьдзі ўсе тры злачынствы сярод непаўналетніх зьдзейсьнілі навучэнцы Відзаўскага каледжу. Зыходзячы з гэтага, камісія прыняла рашэньне сканцэнтраваць увагу на прафіляктыцы дробных крадзяжоў, у цэлым на прафіляктычнай рабоце ўсіх службаў з навучэнцамі, а таксама на тым, чым занятыя падлеткі, якія стаяць на ўліку, у вольны ад вучобы час.