Пятніца, 21 Май 2021

Лізавета Кірыенка – на волі. Адбыла 25 сутак за кратамі – за лампадкі ля царквы і фота пад мостам

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Лізавета Кірыенка па вызваленні з ІЧУ Лізавета Кірыенка па вызваленні з ІЧУ

21 траўня з віцебскага ізалятару часовага ўтрымання (ІЧУ) выйшла на волю 23-гадовая Лізавета Кірыенка, якая працуе выхавальніцай у дзіцячым садку. Лізавету павінны былі вызваліць яшчэ 6 траўня, але незадоўга да заканчэння тэрміну на яе завялі новую адміністрацыйную справу – суд дадаў ёй яшчэ 15 сутак арышту. Агулам за кратамі яна правяла 25 дзён.

Лізавету Кірыенка затрымалі разам з яе сяброўкай Марыяй Амасовіч 26 красавіка. Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску палічыў дзве лампадкі, запаленыя каля храму ў памяць аб чарнобыльскай трагедыі, несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам (арт. 24.23 КаАП). Суддзя Уладзімір Царыкаў прысудзіў дзяўчат да 10 і 20 сутак адміністрацыйнага арышту.

Пазней супрацоўнікі МУС знайшлі ў тэлефоне Лізаветы, які быў канфіскаваны падчас вобшуку, фотаздымак, на якім трое дзяўчат – Марыя Амасовіч, Лізавета Кірыенка і Марыя Агіевіч – трымалі пад Кіраўскім мостам у Віцебску бел-чырвона-белы сцяг. Зноў пратакол паводле арт. 24.23 КаАП – і судовае пакаранне на 15 сутак арышту.

Спецумовы для «палітычных»

У віцебскім ізалятары дзяўчыны знаходзіліся ў адной камеры.

«Для нас наагул нейкія спецумовы рабілі. Усе сядзелі на матрацах, як людзі, а мы – на жалезных прутах увесь час, бо матрацы ў нас забіралі. Толькі нанач выдавалі. Дарэчы, уначы начное святло не ўключалі – пастаянна свяціў яркі свет. Тым, хто паліць, не давалі цыгарэт», – расказала Лізавета Кірыенка па вызваленні.

Па словах дзяўчыны, за ўвесь тэрмін адміністрацыйнага арышту іх ні разу не адвялі на шпацыр. Таксама праблемай было атрымаць перадачы ад сваякоў.

«Сказалі, што можна толькі рэчы першай неабходнасці. Ежу наагул не бралі, маўляў, нельга праз каронавірус», – тлумачыць Лізавета.

У камеру прыходзіў пракурор

На «асаблівыя» умовы ўтрымання ў віцебскім ІЧУ для палітычных затрыманых напісала скаргу маці віцяблянкі Ангеліны Туравец, якая адбывае 20 сутак арышту за «няправільную» маску з бел-чырвона-белай усмешкай.

«З нагоды скаргі мамы Ангеліны прыходзіў пракурор з праверкай. Пахадзіў, паглядзеў, нібыта пагадзіўся з усім. І – ніякага выніку!» – расказала Лізавета Кірыенка.

Лізавету выклікаюць у СК

Па словах яе маці Святланы, пакуль Лізавета сядзела ў ізалятары, на яе імя прыйшла позва са следчага камітэту. Лізу выклікаюць у якасці падазраванай па крымінальнай справе, распачатай паводле арт. 341 КК («Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці»). Мама Лізаветы мяркуе, што супрацоўнікі міліцыі зноў нешта знайшлі ў тэлефоне яе дачкі. На допыт дзяўчыну выклікалі на 24 траўня.

У Віцебску Лізавета Кірыенка працуе выхавальніцай у адным з дзіцячых садкоў, завочна вучыцца на гісторыка ва ўніверсітэце. На кватэры, якую яна здымае ў Віцебску, напрыканцы красавіка прайшоў ператрус.

Уладзімір Бяляўскі