Субота, 09 Сакавік 2024

Былы палітвязень Міхаіл Жамчужны расказаў пра сваё апошняе затрыманне

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

23-24 студзеня па ўсёй Беларусі адбыўся масавы рэйд сілавікоў на сем’і палітвязняў, былых палітвязняў і тых, хто дапамагаў ім. Допыты, ператрусы і затрыманні закранулі не менш за 287 чалавек. Пад гэты пераслед патрапіў і былы палітвязень Міхаіл Жамчужны, які таксама дапамагаў палітвязням. Цяпер ён расказаў пра тое, што перажыў, «Вясне».

Затрыманне за салідарнасць

Міхаіла Жамчужнага затрымалі 23 студзеня 2024 года ў межах крымінальнай справы за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361-4 КК). Яму ставілі ў віну тое, што ён нібыта супрацоўнічае з ініцыятывай па дапамозе палітвязням Dissidentby, прызнанай 29 лістапада 2023 года «экстрэмісцкім фармаваннем».

Міхаіл гаворыць, што сапраўды падтрымліваў двух палітзняволеных. За гэтую дапамогу да яго і прыйшлі сілавікі.

«Я ім дасылаў перадачы і грашовыя пераводы. Іх малой дачцэ купляў памперсы. Маці палітвязня з інваліднасцю другой групы дапамагаў па гаспадарцы».

Вечарам у дзень затрымання Міхаілу некалькі разоў патэлефанавалі з незнаёмых нумароў.

«На незнаёмыя нумары я не адказваю, бо з іх мне могуць тэлефанаваць толькі супрацоўнікі спецслужбаў. Калі атрымаў серыю званкоў, зразумеў, што зараз пачнуцца праблемы, таму пачаў знішчаць уразлівую інфармацыю», — кажа мужчына.

Неўзабаве ў кватэру да Міхаіла пачалі спачатку настойліва званіць, а пасля моцна грукаць і пагражаць выламаць дзверы. Мужчына адкрыў сілавікам і ўбачыў некалькіх «касманаўтаў» у абмундзіраванні і са шчытамі. Далей быў вобшук, які праводзілі супрацоўнікі КДБ. Сілавікі доўга не маглі знайсці панятых, бо ўсе суседзі Міхаіла адмовіліся ад гэтай працэдуры. У выніку ў якасці панятых запрасілі студэнтак юрфака, кажа суразмоўца.

«Перавярнулі ўсе рэчы, мэблю. Спрабавалі нават узломваць сцены. Але нічога ўразлівага яны не знайшлі. У мяне было «паўвядра» розных тэлефонаў, падрыхтаваных спецыяльна, каб заблытаць міліцыю. Я іх адмыслова расклаў па ўсёй кватэры».

Падчас вобшуку сілавікі забралі ў Міхаіла 800 даляраў ЗША, якія той захоўваў на выпадак непрадбачаных абставінаў.

«Бутэлькай з вадой следчы выбіў мне зубы»

Пасля ператрусу мужчыну павезлі на допыт у КДБ, дзе яго збілі і выбілі пярэднія зубы. Адзін са следчых ударыў Міхаіла пластыкавай бутэлькай з вадой па сківіцы і выбіў зубы, расказвае былы палітвязень.

«Падчас допыту я стаяў тварам да сцяны. Зайшоў следчы з суседняга кабінета. Ён пагаварыў са мною, спытаў, чаму я не размаўляю «на роднай мове». Спрабаваў запужваць і шантажаваць. А затым падышоў ззаду, моцна ўдарыў мяне па ніжняй сківіцы бутэлькай і выбіў керамічны мост. Пазней я спрабаваў яго рамантаваць, але не паспеў. Праз небяспеку трэба было тэрмінова з’язджаць з Беларусі».

«Заяву пісаў на папяровым ручніку»

Міхаіл адразу склаў заяву на імя начальніка аддзялення КДБ аб тым, што ў дачыненні да яго прымяняюць катаванні. Яму адмовіліся выдаць паперу, таму мужчына напісаў яе на папяровым ручніку, які ён заўсёды носіць з сабой у «трывожнай валізцы».

«Следчы адразу зарэгістраваў маю заяву. Праз гадзіну з размовы паміж двума следчымі я пачуў, што начальнік КДБ зняў квартальную прэмію са следчага маёра Бакава І. Е. Гэта той следчы, які вёў у мяне допыт. Яго пакаралі за тое, што падчас допыту дапусціў у памяшканне чужога чалавека. Ці пакаралі таго следчага, які мяне ўдарыў, я не ведаю».

«Ведаю, як паводзіць сябе са спецслужбамі»

Але заява Міхаіла паўздзейнічала на супрацоўнікаў КДБ. Да мужчыны перасталі прымяняць катаванні, яго пасадзілі ў крэсла і далей допыт працягваўся ў спакойным рэжыме.

«Я вам скажу, што маю вялікі досвед дачыненняў са спецслужбамі. Таму ведаю, як з імі сябе паводзіць і абараняць свае правы. Падчас зняволення я адправіў на пенсію начальніка калоніі № 9 палкоўніка Лапатка. А ў СІЗА № 2 з дапамогай заяваў у пракуратуру прымусіў адміністрацыю зняць з пасады намесніка начальніка СІЗА па выхаваўчай працы падпалкоўніка Авечкіна. Я не дарую ім у дачыненні да сябе ніякіх незаконных дзеянняў».

Мужчыну не азнаёмілі з пратаколам допыту. Следчыя КДБ яму сказалі, што ён нібыта адмовіўся ад подпісу. Яны паклікалі траіх іншых калегаў і падпісалі пратакол замест Міхаіла.

Пасля гэтага допыту Міхаіла павезлі ў Следчы камітэт, дзе яго зноў дапытвалі. Старшы следчы Яроміч А. А. падпісаў пастанову аб затрыманні і суразмоўцу накіравалі ў ІЧУ Віцебска, дзе ён агулам прабыў два разы па 72 гадзіны.

У ізалятары мужчына спаў на жалезным ложку без матраца, ноччу яго будзілі для праверкі, цёплых рэчаў не выдавалі.

«У выніку мяне з рэчамі вывелі з ізалятара, не даўшы на подпіс ніякіх дакументаў. Я не ведаў, ці мне дазволены выезд з краіны, ці спынілі крымінальную справу. Толькі ўручылі квітанцыю аб аплаце паслуг, але сказалі не аплочваць да рашэння суда».

«Пакідаў тэлефон на пустцы, каб заблытаць міліцыянтаў»

Міхаіл выйшаў з ізалятара 29 студзеня і, не заходзячы ў сваю кватэру, стаў «на нелегальнае становішча» — адключыў сім-карты і жыў у сяброў.

«Але адзін тэлефон я пакінуў з уключанай сім-картай і адмыслова пакідаў яго на пустцы, каб міліцыя збілася са следу, шукаючы мяне па месцазнаходжанні мабільнага тэлефона. Вечарам я яго забіраў падзарадзіць, а на наступны дзень пакідаў у іншым месцы».

Суразмоўца кажа, што яго пільна высочвалі. Ён штодзень мяняў кватэры і такім чынам хаваўся ад пераследу да 10 лютага. Міхаіл вырашыў з’язджаць з Беларусі праз Расію ў Грузію. Але, як ён кажа, выезд з Расіі быў забаронены. У выніку Міхаіл іншым шляхам з’ехаў у Літву.