Серада, 21 Люты 2024

У глыбоцкай калоніі не прынялі медычную бандэроль і пасылку з рэчамі для Мікалая Статкевіча

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведаміла жонка палітвязня Марына Адамовіч.яна нагадала, што зняволены палітык знаходзіцца за кратамі ўжо больш за 1300 дзён, і што цягам 373 дзён ад яго няма лістоў да родных.

Паводле Марыны Адамовіч, паштовыя адпраўленні вярнуліся з Глыбокага ў той час, пакуль сама яна адбывала 15-суткавы арышт. Жанчыну затрымалі 23 студзеня і асудзілі за непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. У дзень затрымання ў яе забралі мабільны тэлефон, таму спадарыня Марына мае пэўныя праблемы з сувяззю.

Мікалай Статкевіч быў затрыманы 31 траўня 2020г. і асуджаны да 14 гадоў калоніі ва ўмовах асаблівага рэжыму паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя масавых беспарадкаў). Адбываць пакаранне палітыка скіравалі ў Глыбоцкую калонію, дзе адміністрацыя прыктычна адразу паставіла яго на ўлік як схільнага да экстрэмізму. 4 лістапада 2022 г. МУС уключыла Мікалая Статкевіча ў "Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці".

Ужо больш за год жонка зняволенага палітыка Марына Адамовіч не атрымлівае ад яго лістоў. На яе звароты з ПК № 13 прыходзяць толькі адпіскі пра тое, што палітвязню «перапіска не забаронена».

У лістападзе мінулага года “Народная Грамада» запатрабавала ад уладаў арганізаваць сустрэчу Мікалая Статкевіча і ягонай жонкі. Але зварот партыйцаў застаўся без адказу.

Андрэй Вакар