Пятніца, 03 Лістапад 2023

Палітвязня Бераснева абследвалі дактары, і вярнулі без лекавання ў калонію

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Максім Пазнякоў, які знаходзіцца за мяжой і часова выконвае абавязкі старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП),  паведаміў падрабязнасці і апошнія навіны ад Васіля Бераснева, праваабаронцы з Воршы, прызнанага палітычным зняволеным.

«Яго абследавалі ў шпіталі на працягу двух дзён і адправілі назад у калонію. Вынікаў не паведамілі. Сказалі, што атрымае потым, у калоніі. Крыніцы, з якімі я кантактаваў, нават не ведаюць, як ён цяпер пачуваецца», — сказаў Максім Пазьнякоў.

Васіля Бераснева вярнулі ў калонію ў першай палове кастрычніка.

У 73-гадовага Бераснева адна нырка. Праблемы са здароўем у палітвязня абвастрыліся яшчэ ў СІЗА, а ў калоніі № 15, што пад Магілёвам, стан здароўя рэзка пагоршыўся.

У турме ў яго павысіўся ціск і пачаліся моцныя болі ў нырцы. Як стала вядома праваабаронцам, Васіля Бераснева на пачатку кастрычніка забралі з калоніі і паклалі на абследаванне ў Магілёўскі абласны шпіталь. Цяпер ён зноў у калоніі.

Васіль Бераснеў — лідэр аршанскай ячэйкі незалежнага прафсаюзу РЭП, быў выканаўцам абавязкаў старшыні прафсаюза РЭП. Прафсаюзнага актывіста затрымалі 19 красавіка 2022 году ў межах крымінальнай справы супраць кіраўнікоў незалежных прафсаюзаў. У студзені 2023 году Менскі гарадскі суд пакараў лідэраў прафсаюзу РЭП вялікімі тэрмінамі зняволення. Генадзь Фядыніч і Васіль Бераснеў атрымалі па 9 гадоў калоніі, Вацлаў Арэшка — 8 гадоў.

Сваёй віны на судзе Бераснеў не прызнаў. Міжнародныя арганізацыі і правабаронцы называюць ягоны пераслед палітычным пераследам, які не грунтуецца на якіх-небудзь сапраўдных парушэннях закону.