Панядзелак, 25 Верасень 2023

У выбітнага беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага сёння Дзень нараджэння

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Старшыні "Вясны" і лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алесю Бяляцкаму, асуджанаму да 10 гадоў калоніі за праваабарончую дзейнасць, 25 верасня спаўняецца 61 год. Іх ён сустракае ў калоніі строгага рэжыму ў Горках, працуючы на дрэваапрацоўцы. Былы палітвязень, які сустракаўся з Алесем Бяляцкім у СІЗА-1 у кастрычніку 2022 года, распавёў пра яго "Вясне".

Алесь Віктаравіч быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года. Праваабаронцу абвінавацілі ў "кантрабандзе" і "фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" і асудзілі да 10 гадоў калоніі. Бяляцкі не прызнаў віну ні па адным артыкуле, які ставіўся ў віну.

За гады сваёй дзейнасці Алесь быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі, ён з’яўляецца аўтарам некалькіх кніг, а ў мінулым годзе праваабаронца стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. Гэта трэці, а ўлічваючы папярэдняе зняволенне, — ужо шосты, Дзень народзінаў, які Бяляцкі будзе сустракаць за кратамі.

Напісаць і павіншаваць Алеся можна, калі напісаць на адрас: ПК № 9, 213410, Горкі, Дабралюбава, 16, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму