Чацвер, 24 Жнівень 2023

У Наваполацкую калонію накіраваны яшчэ адзін палітзняволены

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

З 21 ліпеня ў ПК№1 адбывае пакаранне Канстанцін Залатых – былы дырэктар газеты «Беларусы і рынак».

6 красавіка 2023 г. палітвязню прысудзілі чатыры гады зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле 4-х крымінальных артыкулаў: арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады), арт. 368 (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), арт. 130 (Распальванне варожасці ці варажнечы), арт. 426 (Перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў). Суддзя Мінгарсуду Алена Шылько прысудзіла мужчыну 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

4 ліпеня Вярхоўны суд разглядаў апеляцыйную скаргу Канстанціна Залатых, працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Суддзя Уладзімір Чаравач пакінуў скаргу без задавальнення, а вырак суду першай інстанцыі – без зменаў.

Супрацоўнікі КДБ затрымалі былога дырэктара газеты«Белорусы и рынок»18 траўня 2022 года. Затрыманне адбылося пасля ператрусаў дому ў Залатых і ў рэдакцыі выдання. Разам з ім былі затрыманыя галоўны рэдактара Андрэй Александровіч і бухгалтарка Юлія Кахно. Апошніх дваіх неўзабаве адпусцілі, а Канстанціна Залатых пакінулі пад вартай.

Першапачаткова супраць яго было выстаўлена абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне варожасці, спалучанае з гвалтам альбо здзейсненае службовай асобай), пазней следства знайшло падставы для абвінавачання яшчэ па некалькіх крымінальных артыкулах. Яму паставілі ў віну, у прыватнасці, выказванне «ўласнай тэндэнцыйнай пазіцыі» на падзеі ў краіне, што, сярод іншага, выявілася, паводле следчых, у абразлівых каментарах на адрас вышэйшых асобаў дзяржавы, якія знайшлі ў сацыяльных сетках. Акрамя таго, ён нібыта «мэтанакіравана карыстаўся службовым становішчам» для вырашэння персанальных патрэбаў.

Летась 8 чэрвеня беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Канстанціна Залатых палітычным вязнем. Сёлета 13 ліпеня КДБ Беларусі дадаў Канстанціна Залатых у спіс асоб, датычных да «тэрарыстычнай дзейнасці». Гэта азначае, што яму забаронена атрымліваць у калоніі грашовыя пераводы. Наўздагон, 21 ліпеня, МУС унесла палітвязня ў спіс «экстрэмістаў».

У Наваполацкай калоніі №1 цяпер утрымліваюцца некалькі журналістаў і супрацоўнікаў незалежных СМІ: Анджэй Пачобут, Ігар Лосік, Андрэй Аляксандраў, Андрэй Кузнечык. Усе яны прызнаныя палітычнымі зняволенымі.

Міхась Хмара