Чацвер, 27 Студзень 2022

Праваабаронцы прызналі палітвязнем жыхара Віцебску Мікіту Палеонка

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

16 студзеня 2022 году ў Віцебску быў затрыманы 28-гадовы Мікіта Палеонак. Яго затрымалі ў межах крымінальнай справы аб абразе прэзідэнта (арт. 368 КК) і прадстаўніка улады (арт.369 КК). На час правядзення следчых дзеянняў Паленак узяты пад варту як мінімум на два месяцы і змешчаны ў Віцебскі следчы ізалятар №2. 

Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Мікіту Палеонка палітычным зняволенным. 

«У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў  чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў», - гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць палітвязня Мікіту Палеёнка і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні яго.

Таксама прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 368, 369 КК Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней распачатыя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.

Для падтрымкі палітвязня, праваабаронцы паведамляюць паштовы адрас для лістоў і дробных пакункаў: 

СІЗА-2. 210026, г. Віцебск, вул. Гагарына, 2, Мікіце Юр'евічу Палеонку.

Міхаіл Пісараў