Пятніца, 23 Красавік 2021

Палітвязень Мікалай Чарняўскі не атрымлівае лістоў ад маці

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Мікалай Чарняўскі Мікалай Чарняўскі

Маці палітвязня Мікалая Чарняўскага, які адбывае пакаранне ў бабруйскай калоніі, расказала «Віцебскай Вясне», што яе лісты не даходзяць да сына. У лісце з калоніі ён паведаміў, што не атрымаў ад яе ніводнага. Напісаў таксама, што яго пазбавілі доўгатэрміновага спаткання.

«Мікалай піша, што ў яго ўсё нармальна. Але як можа быць «нармальна», калі піша, што яго пазбавілі доўгатэрміновага спаткання?» – хвалююецца маці палітвязня Людміла. Непакоіць яе і тое, што сын наагул не атрымаў ад яе ніводнага ліста. У апошнім напісаў, што гэта адбываецца праз тое, што лісты проста «не прапускаюць».

Пасля таго, як 27 сакавіка Мікалая Чарняўскага, этапавалі ў калонію, сямейнікі атрымалі ад яго ўсяго два лісты. Апошні пазначаны датай 12 красавіка. Пасля – ані званкоў, ані лістоў. Родныя хвалююцца. Перасталі атрымліваць адказы на свае лісты таксама сваякі і знаёмыя Чарняўскага. Маці тэлефанавала ў калонію. Там паведамілі толькі адно: Мікалая перавялі з каранціну ў пяты атрад.

Людміла Чарняўская кажа, што цяпер кожны дзень для яе пачынаецца са спадзеву на доўгачаканы ліст ад сына.

Паводле яе слоў, калі сына ўтрымлівалі ў віцебскім СІЗА-2, яна сустракалася з ім ці не кожны тыдзень. Праўда, пагаварыць асабліва не давалі. Спынялі на самых бяскрыўдных эпізодах.

«Сын заўжды быў у масцы, я бачыла толькі ягоныя вочы. Аднойчы не вытрымала і сказала: «Сынок, пакажы твар, як ты там?» Вельмі здзівілася, што ён трапіў у ШІЗА, бо па сваім характары вельмі спакойны. Аказалася, проста за тое, што дрэнна пагаліўся», – прыгадвае Людміла Чарняўская.

Нагадаем, 33-гадовы жыхар Гарадку Мікалай Чарняўскі быў асуджаны на паўтара года зняволення паводле арт. 369 КК і арт.365 КК – за абразу прадстаўніка ўлады (за фразу «вырадак у пагонах») і ўмяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў. Пастанову аб пакаранні прыняў 15 снежня 2020 году суд Гарадоцкага раёну. Скарга на прысуд у Віцебскі абласны суд выніку не дала. 9 сакавіка суд вышэйшай інстанцыі пакінуў рашэнне раённага суду без зменаў, а скаргу – без задавальнення.

Мікалай Чарняўскі быў прызнаны праваабарончай супольнасцю палітвязнем.

Прызначанае пакаранне Чарняўскі адбывае ў ПК № 2 гораду Бабруйску.

Напісаць ліст палітвязню Мікалаю Аляксандравічу Чарняўскаму можна на адрас: 213800, Магілёўская вобласць, г. Бабруйск, вуліца Сікорскага, 1, ПУ «ПК-2», атрад №5.

Па стане на 23 красавіка ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 358 чалавек.

Ян Ластаўка