Чацвер, 29 Лістапад 2012

Павал Севярынец: Рэжым шантажуе ЗША

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Павал Севярынец Павал Севярынец

Высяленьнем царквы «Новае жыцьцё» рэжым шантажуе амэрыканскіх пратэстантаў, лічыць палітык. «Спробы выселіць “Новае жыцьцё” незаконныя і антыграмадзкія. Царква набыла кароўнік ў жахлівым стане і зрабіла зь яго выдатны малітоўны будынак. І зараз у яе забіраюць гэта памяшканьне, не прапаноўваючы ніякай годнай кампэнсацыі. Гэта матэрыяльны бок справы, а маральны бок выглядае для дзяржавы яшчэ горш», - сказаў сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец.

Паводле словаў палітыка, такіх рэпрэсіяў у дачыненьні да царквы няма практычна нідзе ў сьвеце: «Царква, у якой каля тысячы чалавек вернікаў, якая арганізоўвае кампаніі ў абарону жыцьця, супраць алькагалізму, магіі і акультызму, якая змагаецца з духоўным заняпадам у вялікім горадзе Менску, аказваецца пад ударам уладаў. Практычна нідзе ў сьвеце такога няма, каб на царкву нападалі і забіралі ў яе памяшканьне - хіба што ў нейкіх мусульманскіх краінах».

Павал Севярынец называе дзьве вэрсіі, чаму ўлады маглі вырашыць забраць будынак у царквы: «Гэта можа быць прыступам нематываванай жорсткасьці у вярхох рэжыму. Раззлаваліся, што няма грошай або што палітвязьні ня пішуць прашэньні аб памілаваньні, значыць, будуць разбураць усё, што засталося: высяляць “Вясну”, высяляць “Новае жыцьцё”. Можа быць гэта і грубы шантаж ЗША. Не сакрэт, што большасьць амэрыканцаў - пратэстанты. Такім чынам улада іх шантажуе - а мы вось зараз возьмем “вашых” і выселім, дык што ідзіце з намі на дыялёг. Памочнік Лукашэнкі Валянцін Рыбакоў езьдзіў у Вашынгтон, пра нешта там размаўлялі. Напэўна, уладам хочацца другой часткі дыялёгу».

Палітык заклікае неабыякавых людзей прыехаць у царкву «Новае жыцьцё» ў дзень высяленьня: «Тым, хто хоча дапамагчы царкве, трэба зьвязацца з каардынатарамі абароны “Новага жыцьця”: зь біскупам Вячаславам Ганчарэнкам, юрыстам Сяргея Луканіным (іх кантакты ёсьць на сайце БХД). Можна пісаць лісты падтрымкі, прыехаць у царкву і выказаць сваю салідарнасьць, прыехаць туды ў дзень высяленьня 5 сьнежня к 11:00 і застацца ў памяшканьні. Трэба разумець, што калі “Новае жыцьцё” насамрэч гвалтоўна выселяць, дык практычна ніводзін офіс ці кватэра найбліжэйшым часам ня будуць абароненыя ад таго ж самага».

Павал Севярынец перасьцерагае чыноўнікаў, якія вырашылі канфіскаваць памяшканьне ў царквы: «Царква - гэта тэрыторыя, вольная ад рэжыму, некалькі гадоў там не было і нагі прадстаўнікоў улады. І гэты астравок духоўнай і грамадзянскай свабоды страшна раздражняе рэжым. Я хачу нагадаць, што былы старшыня Менскага гарвыканкаму Міхаіл Паўлаў, які рабіў замах на царкву “Новае жыцьцё”, скончыў сьмяротнай хваробай раку мозгу».

У менскай пратэстанцкай суполкі “Новае жыцьцё” ў чарговы раз забіраюць будынак. Вышэйшы гаспадарчы суд мяркуе правесьці прымусовае высяленьне 5 сьнежня аб 11-й гадзіне. Падставай для высяленьня стала тое, што зямля нібы выкарыстоўваецца не паводле мэтавага прызначэньня. Кіраўніцтва царквы пакідаць будынак не зьбіраецца.

Царква «Новае жыцьцё» змагаецца за ўласнае памяшканьне з 2005 году. Тады ўлады Беларусі заявілі, што царква ня можа выкарыстоўваць зямельны ўчастак для культавых мэтаў. Вернікі прайшлі больш за 30 судовых працэсаў, і ў 2009 годзе Вышэйшы гаспадарчы суд вынес канчатковае рашэньне: царква павінна вызваліць будынак. Дагэтуль «Новаму жыцьцю» ўдавалася адстойваць памяшканьне дзякуючы посту-галадоўцы і шырокаму рэзанансу справы сярод беларускага грамадзтва і міжнароднай супольнасьці.

Хартыя ‘97