Серада, 03 Чэрвень 2015

Тройца – Дзень адчыненых дзьвярэй у мінуўшчыну

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Ня ведаю як дзе, а ў нас Тройца яшчэ з савецкіх часоў была найгалоўнейшым сьвятам, калі паміналі дзядоў. На прыбраных загадзя могілках зьбіраліся сваякі, якія прыяжджалі ў гэты дзень з усяго сьвету. Сёлетняе сьвята нічым ня розьнілася ад ранейшых: вясковыя клады, упрыгожаныя кветкамі, на нейкі час запоўніліся людзьмі ды іхнімі гаманкімі галасамі.

Ня стану дакопвацца да сапраўдных матываў, што змушаюць людзей на Сёмуху наведваць могілкі сваіх памерлых сваякоў, але, як мне падаецца, ёсьць у гэтай традыцыі ня столькі рэлігійны пачатак, колькі адгалосак сацыяльнай трагедыі.

Так сталася, што вольнае сьвяткаваньне Тройцы за Саветамі супала з працэсам перасяленьня вяскоўцаў з малых вёсак у цэнтры саўгасаў і калгасаў. Гэтак званае ўзбуйненьне рэзала па жывому: па загадзе партыі людзей зрывалі з наседжаных месцаў, змушалі пераяжджаць ў вялікія вёскі і гарады. Гэты вар'яцкі працэс канчаткова дабіў традыцыйную беларускую вёску і  зьнішчыў тыя асновы, што спрыялі выхаваньню сапраўднага селяніна-гаспадара. Пераселеныя ў шматкватэрныя дамы вяскоўцы згубілі закладзеныя зь дзяцінства арыенціры і каштоўнасьці, алькагалізацыя насельніцтва сталася працягам усяе гэтае трагедыі. Да таго на могілках амаль не ўжывалі сьпіртное. Пасьля гэтага алькаголь на Сёмуху стаў звычайнай справай, амаль традыцыяй.

Таму цяпер Тройца – гэта Дзень адчыненых дзьвярэй у мінулае, якая ніколі ня вернецца, але якое баліць, пячэ, прыгадваецца. Наведваючы ў гэты дзень могілкі сваіх бацькоў, людзі нібыта вяртаюцца ў сваю маладосьць, калі тысячы беларускіх вёсачак жылі сваім непаўторным паўнавартасным жыцьцём са сваёй гісторыяй і мітамі, якім наканавана было зьнікнуць. У сёньняшняй хутказьменлівай, мітусьлівай, часам незразумелай рэчаіснасьці людзям папросту не хапае тых простых ісьцін зь мінуўшчыны, якія, да жалю, сталі непатрэбнымі ў сёньняшніх абставінах.

Мо з тае прычыны пасьля выпітай у памяць памерлых сваякоў чаркі столькі словаў і ўспамінаў пра тую мінуўшчыну, калі вяскоўцаў яднала агульнае абшчыннае жыцьцё, калі толькі праз адзін статак кароў можна было зразумець, што вёска жыве і людзі дбаюць пра сваю будучыню. Але ніхто зь іх і прадбачыць ня мог, што празь якіясьці трыццаць-сорак гадоў яднаць іх усіх у адно цэлае будуць толькі гэтыя вясковыя могілкі і ўспаміны пра мінуўшчыну.

Крыніца: Дыялёг Online газэта