Нядзеля, 06 Снежань 2015

“Віцебскі альфабэт” – 32 гарадзкія культуралягічныя фэномэны ад князя «А»льгерда да тэатру імя «Я»куба Коласа

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

3 сьнежня ў будынку арт-прасторы «Талстога-7» у залі «Сьвежая рыба» адбылася доўгачаканая прэзэнтацыя праекту «Віцебскі альфабэт». Як адзін з найгалоўных натхняльнікаў праекту, гісторык Раман Воранаў прэзэнтаваў прысутным сьвежанадрукаваную кнігу, якая пад адной вокладкай «Віцебскага альфабэту» аб’яднала 32 культуралягічныя фэномэны гораду над Віцьбай і Дзьвіной.

Апрацаваўшы дасланыя віцебчукамі прапановы, журы ў складзе старшыні Віцебскага аддзяленьня Беларускага саюзу мастакоў Сьвятланы Баранкоўскай, галоўнага захавальніка Віцебскага абласнога краязнаўчага музэю Вольгі Давідкоўскай, загадчыка катэдры гісторыі Беларусі Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Машэрава Анатоля Дулава, галоўнага захавальніка Дзяржаўнага архіву Віцебскай вобласці Канстанціна Карпекіна, кандыдата гістарычных навук Мікалая Півавара, кандыдата мастацтвазнаўства Міхася Цыбульскага, галоўнага спэцыяліста ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкаму Дзяніса Юрчака выбрала 32 гарадзкія адметнасьці, якія найчасьцей згадваліся ўдзельнікамі галасаваньня.

Распавядаючы пра акалічнасьці працы над праектам, Раман Воранаў адзначыў, што ідэя такога кшталту, калі жыхары гораду самі вызначылі найбольш знакавыя мясцовыя адметнасьці, рэалізавалася ў Беларусі ўпершыню. Да таго ж матрыца беларускай абэцэды дазваляе зрабіць віцебскія вобразы вельмі моцнымі і адабраць самыя вартыя, якія б спрыялі папулярызацыі гарадзкой прасторы, нашай культуры, нашага мастацтва, нашага пуці, нашых мясьцінаў…

Самымі папулярнымі фэномэнамі жыхары гораду лічаць: Марка Шагала, Васіля Быкава, Юдэля Пэна, Князя Альгерда, Віцьбу, Дзьвіну, віцебскі трамвай, першую віцебскую электрастанцыю, ратушу, УНОВІС…

Сярод найгалоўнейшых праблемаў, з якімі сутыкнуліся пры стварэньні альфабэту складальнікі: малая колькасьць лексэмаў на літары «О», «Е», «Ё» і адсутнасьць словаў на літары «Й», «Ў», «Ь», «Ы». Таму выкручваліся, як маглі: Мінай Шмыроў апынуўся пад літарай «Й», бо яна прысутнічае ў ягоным імя, а літара «Ш» найбольш атаясамлівалася з Маркам Шагалам, асоба якога стала абсалютным лідэрам галасаваньня.

«Віцебскі альфабэт” можна пабачыць і прачытаць у электронным варыянце тут. Але аўтары пайшлі яшчэ далей: тэкст можна ня толькі раздрукоўваць, распаўсюджваць, але і нават прадаваць. Праўда, дзеля гэтага трэба зьвярнуцца да спадара Рамана па макет для друку, які больш важкі па памерах, ніж электронная вэрсія.

Па сутнасьці, «Віцебскі альфабэт» – гэта турыстычны праважаты, гэта добры падарунак госьцю…

Раман Воранаў: «Альфабэт пабудаваны на базе амаль двухсот пяцідзесяці прапановаў жыхароў Віцебску, зь якіх журы выбрала самыя папулярныя. Калі адзін і той жа фэномэн паўтараўся найбольшую колькасьць разоў, то ён, натуральна, меў перавагу падчас адбору. Мы нічога ня бралі са столі, то бок адзіным крытэрам адбору была колькасьць галасоў, набраных тым ці іншым фэномэнам. У тым выпадку, калі на адну і тую ж літару дасылаліся два фэномэны, мы шукалі нейкае разумнае выйсьце. Так, напрыклад, адбылося ў выпадку з Васілём Быкавым і «Славянскім базарам», якія прэтэндавалі на адну і тую ж літару альфабэту. Да таго ж яны мелі блізкую колькасьць прагаласаваўшых за іх прыхільнікаў. Таму пад літарай «Б» мы разьмясьцілі «Славянскі базар», а пад літарай «Ў» – Васіля Быкава. І ў гэтым ёсьць свая глыбокая сымбалічная лёгіка: Васіль Быкаў – гэтакі ж непаўторны фэномэн беларускай літаратуры, як літара «Ў» – непаўторная графэма беларускага альфабэту. Акром усяго іншага, гэтая літара прысутнічае ў прозьвішчы пісьменьніка».

С. Горкі, Віцебская вясна