Субота, 10 Студзень 2015

Камітэт па правох чалавека прызнаў парушэньне правоў Анатоля Стамброўскага

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Камітэт ААН па правох чалавека апублікаваў рашэньне па звароце № 1987/2010, прынятае на 112-й сэсіі камітэту. Згодна з гэтым рашэньнем, Рэспубліка Беларусь як краіна – удзельнік Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох прызнаная парушальніцай правоў віцебскага актывіста Анатоля Стамброўскага, прадугледжаных пунктам 2 артыкулу 19 пакту.

У сваёй скарзе ў КПЧ Анатоль Стамброўскі сьцьвярджаў, што ён зьяўляецца ахвярай парушэньня Беларусьсю ягоных правоў. 3 красавіка 2009 году ён хацеў зладзіць адзіночны пікет у пешаходнай зоне на скрыжаваньні дзьвюх вуліц Віцебску з мэтай прыцягненьня грамадзкай увагі да парушэньняў заканадаўства органамі ўлады. Аднак Віцебскі гарвыканкам правядзеньне пікету забараніў.

Гарвыканкам адзначыў, што правядзеньне пікету нібыта парушыла б дарожны рух, парадак перамяшчэньня людзей, грамадзкую бясьпеку і парадак. У забароне пікету было адзначана таксама, што прапанавае актывістам месца яго правядзеньня не ўваходзіць у сьпіс дазволеных для правядзеньня масавых мерапрыемстваў месцаў, у той час як згодна з пастановай гарвыканкаму грамадзкія мерапрыемствы можна ладзіць толькі ў некалькіх канкрэтна пазначаных месцах у Віцебску.

Анатоль Стамброўскі абскардзіў рашэньне аб забароне пікету ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску, сьцьвярджаючы, што гарвыканкам парушыў яго канстытуцыйнае права на свабоду выказваньня меркаваньняў. Актывіст спрабаваў давесьці суду, што прычына забароны пікету, які нібыта замінаў бы дарожнаму руху, зьяўляецца надуманай і неправамернай, бо адзін чалавек, што стаіць у пешаходнай зоне на скрыжаваньні вуліц, наўрад ці зрабіў бы такое.

Аднак райсуд не прыслухаўся да аргумэнтаў актывіста і, спаслаўшыся на тое, што пастанова Віцебскага гарвыканкаму адпавядае палажэньням Закону Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах», пакінуў скаргу без задавальненьня. Потым нібыта правільнасьць такога рашэньня суду Кастрычніцкага раёну Віцебску пацьвердзілі Віцебскі абласны суд, куды падаваліся касацыйная і наглядная скаргі, і Вярхоўны Суд, куды таксама падавалася скарга згодна з працэдурай перагляду ў парадку нагляду. Такім чынам, суды прызналі, што палажэньні Закону «Аб масавых мерапрыемствах» зьяўляюцца дэ-факта вышэйшымі за  канстытуцыйную норму, згодна зь якой кожны грамадзянін мае права на свабоду выказваньня меркаваньняў.

Камітэт па правох чалавека, куды ў рэшце рэшт паскардзіўся віцебскі актывіст, некалькі разоў спрабаваў дамагчыся ад уладаў Беларусі тлумачэньняў па сутнасьці скаргі. Але беларускія ўлады адмовіліся даць такія тлумачэньні. Яны адно заявілі, што скарга Стамброўскага не павінна была рэгістравацца камітэтам, бо аўтар звароту ў камітэт нібыта ня вычарпаў усіх даступных сродкаў прававой абароны ўнутры краіны, уключаючы падачу ў пракуратуру хадайніцтва пра перагляд у парадку нагляду рашэньня, якое ўступіла ў сілу.

Падчас камунікацыі з КПЧ улады Беларусі адзначылі, што паведамленьне Дамброўскага і шэраг іншых паведамленьняў былі зарэгістраваныя нібыта ў парушэньне Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох, а таму любыя рашэньні, прынятыя камітэтам у дачыненьні да гэтых паведамленьняў, будуць уважацца за юрыдычна несапраўдныя. Таксама беларускія ўлады заявілі, што яны не абавязаныя прызнаваць правілы працэдуры КПЧ і тлумачэньне ім палажэньняў Факультатыўнага пратаколу і што спасылкі на практыку камітэту, якая даўно склалася, не зьяўляюцца для яго юрыдычна апраўданымі.

У рашэньні па справе Дамброўскага КПЧ асобна пракамэнтаваў адмову Беларусі ад супрацоўніцтва з камітэтам: «Камітэт нагадвае, што ў адпаведнасьці з пунктам 2 артыкулу 39 Пакту ён мае права вызначаць свае ўласныя правілы працэдуры, якія дзяржавы-ўдзельнікі пагадзіліся прызнаваць. Ён далей адзначае, што ў сілу далучэньня да Факультатыўнага пратаколу дзяржава – удзельнік Пакту прызнае кампэтэнцыю Камітэту прымаць і разглядаць паведамленьні ад асобаў, якія сьцьвярджаюць, што яны зьяўляюцца ахвярамі парушэньня якога-небудзь з правоў, выкладзеных у Пакце (прэамбула і артыкул 1 Факультатыўнага пратаколу). З далучэньня да Факультатыўнага пратаколу вынікае абавязак дзяржавы добрасумленна супрацоўнічаць з Камітэтам, з тым каб ён мог разглядаць такія паведамленьні, і пасьля іх вывучэньня накіроўваць сваю Пазыцыю дзяржаве-ўдзельніку і зацікаўленай асобе (пункты 1 і 4 артыкула 5). З гэтымі забавязаньнямі несумяшчальныя любыя дзеяньні дзяржавы-ўдзельніка, якія будуць замінаць ці перашкаджаць Камітэту ў разглядзе і вывучэньні паведамленьня, а таксама ў фармуляваньні ім сваіх Пазыцыяў. Камітэт упаўнаважаны самастойна вызначаць, ці трэба рэгістраваць паведамленьне. Камітэт адзначае, што, не прызнаючы яго кампэтэнцыю ў гэтым пытаньні і загадзя заяўляючы, што яна ня будзе прызнаваць рашэньня Камітэту ў дачыненьні да прымальнасьці і сутнасьці паведамленьня, дзяржава-ўдзельнік парушае свае забавязаньні, прадугледжаныя артыкулам 1 Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох».

Нягледзячы на пярэчаньні ўладаў Беларусі, камітэт палічыў скаргу Стамброўскага прымальнай і разгледзеў яе па сутнасьці. Вынік разгляду такі: «Дзяржава-ўдзельнік не прадставіла ніякіх заўвагаў па сутнасьці гэтага паведамленьня… Мясцовыя ўлады дзяржавы-ўдзельніка забаранілі аўтару паведамленьня правядзеньне пікету 3 красавіка 2009 году, абмежаваўшы такім чынам ягонае права на распаўсюд ягонага меркаваньня пра дзейнасьць уладаў дзяржавы-ўдзельніка… Нацыянальныя органы не патлумачылі, якім чынам падчас правядзеньня адзіночнага пікету ў пешаходнай зоне аўтар можа парушыць дарожны рух, парадак перамяшчэньня людзей, грамадзкую бясьпеку і парадак у названым месцы, і як абмежаваньні правоў аўтара паведамленьня, прадугледжаных артыкулам 19 Пакту, абгрунтоўваюцца пунктам 3 артыкулу 19 Пакту. Пры гэтых акалічнасьцях і з улікам таго, што ад дзяржавы-ўдзельніка не паступіла ніякай інфармацыі па гэтым пытаньні ў абгрунтаваньне ўстанаўленьня абмежаваньня дзеля мэтаў, прадугледжаных у пункце 3 артыкулу 19 Пакту, Камітэт робіць выснову пра тое, што правы аўтара паведамленьня, прадугледжаныя пунктам 2 артыкулу 19 Пакту, былі парушаныя».

Цяпер улады Беларусі абавязаныя забясьпечыць Анатолю Стамброўскаму эфэктыўны сродак прававой абароны, уключаючы пакрыцьцё панесеных ім судовых выдаткаў і кампэнсацыю. Згодна з рашэньнем КПЧ, у мэтах забесьпячэньня поўнага ажыцьцяўленьня ў краіне правоў, прадугледжаных артыкулам 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох, Беларусь мусіць перагледзець унутранае заканадаўства. Таксама дзяржава абавязаная зрабіць захады па недапушчэньні зьдзяйсьненьня ёй аналягічных парушэньняў у будучыні.

Рашэньне, прынятае Камітэтам ААН па правох чалавека па скарзе Анатоля Стамброўскага, – далёка ня адзінае ў шэрагу падобных. Цягам апошніх некалькіх гадоў КПЧ прызнаў дзясяткі выпадкаў парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Найчасьцей беларусы скардзяцца на парушэньне Беларусьсю артыкулу 19 пакту, які забясьпечвае права на свабоду выказваньня меркаваньняў і распаўсюд інфармацыі. Аднак беларускія ўлады, нягледзячы на ўзятыя дзяржавай на сябе міжнародныя забавязаньні, упарта адмаўляюцца выконваць рашэньні камітэту. Ці зьменіцца нешта цяпер, і ці выканаюць улады патрабаваньні камітэту гэтым разам?