Нядзеля, 05 Май 2013

КПЧ ААН прыняў да разгляду трэці ў гэтым годзе зварот Паўла Левінава

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Павал Левінаў Павал Левінаў

Камітэтам па правох чалавека ААН за № 2239/2013 зарэгістраваны трэці ў гэтым годзе зварот праваабаронцы Паўла Левінава. У сваім звароце Павал Левінаў просіць камітэт прызнаць Рэспубліку Беларусь парушальнікам правоў, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правох.

Нагодай для падачы чарговай скаргі ў КПЧ сталі леташнія падзеі. 16 ліпеня 2012 году Павал Левінаў накіраваў заяву на імя кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску аб правядзеньні 4 жніўня пікетаваньня з мэтай інфармаваньня грамадзян аб лёсе палітычнага зьняволенага – кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага. 27 ліпеня 2012 г. намесьнік кіраўніка раённай адміністрацыі Аляксандар Красакоў паведаміў праваабаронцу, што правядзеньне пікету забараняе.

Як лічыць Павал Левінаў, улады, пазбавіўшы яго магчымасьці правесьці акцыю салідарнасьці з палітвязьнем, парушылі як Канстытуцыю, так і палажэньні Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох. У прыватнасьці, былі парушаныя частка 2 артыкулу 19 і артыкул 21, якімі гарантуецца права на выказваньне свайго меркаваньня і права на мірныя сходы.

Абскарджаньне забароны на правядзеньне пікету ў судох плёну не дало. У выніку, на думку праваабаронцы, быў парушаны яшчэ і артыкул 14 пакту, згодна зь якім «кожны чалавек мае права на справядлівы і публічны разбор справы кампэтэнтным, незалежным і непрадузятым судом». Паводле слоў Паўла Левінава, разглядаючы яго справу, суды, якія знаходзяцца пад уплывам выканаўчай улады, відавочна не адпавядалі крытэрам кампэтэнтнасьці, незалежнасьці і непрадузятасьці.