Пятніца, 10 Чэрвень 2022

Віцебчукі патрабуюць ад уладаў спыніць варварскае абразанне дрэваў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

На платформе па зборы подпісаў Petitionsby 8 чэрвеня з'явілася петыцыя з патрабаваннем да мясцовых уладаў спыніць у Віцебску абразанне дрэваў «пад слуп». Сабраныя подпісы будуць накіраваныя ў Віцебскі гарвыканкам, а таксама ў пракуратуру гораду Віцебску. Зварот ад мясцовых жыхароў складзены на беларускай мове.

У петыцыі прыводзяцца факты таго, што «у Віцебску супрацоўнікі камунальных службаў (меркавана, ДП «Віцебскі Зелянбуд») у маі і чэрвені 2022 году правялі абрэзку шэрагу дрэваў «пад слуп» (з поўным выдаленнем кароны і верхняй часткі ствала) на некаторых цэнтральных вуліцах». Па інфармацыі аўтараў петыцыі, такую варварскую абрэзку дрэваў учынілі на віцебскіх вуліцах Путна, Пушкіна, Жасткова і на Маскоўскім праспекце. Да тэксту прыкладаюцца фотаздымкі знявечаных дрэў.

Месцічы лічаць, што такое абыходжанне з дрэвамі супярэчыць правілам утрымання азелянёных тэрыторыяў. Правілы гэтыя зацверджаныя пастановай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Віцябляне патрабуюць ад мясцовых улад:

  • забяспечыць спыненне практыкі абрэзкі дрэваў «пад слуп» у Віцебску;
  • правесці праверку выкладзеных у звароце фактаў парушэння Правілаў правядзення абрэзкі дрэваў;
  • патлумачыць, на якой падставе праводзіліся работы па каранаванню (топінгу) дрэваў з поўным выдаленнем кароны і верхняй часткі ствала дрэва;
  • забяспечыць праходжанне работнікамі, якія выконваюць працы па абрэзцы дрэваў, навучання (стажыроўкі) для авалодвання тэхнікай абрэзкі дрэваў і кустоў.

А таксама патрабуюць прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці службовых асобаў, вінаватых у правядзенні дадзеных работ, і паінфармаваць у адказе на зварот аб ужытых захадах дысцыплінарнай адказнасці да вінаватых службовых асобаў.

Падпісаць петыцыю можна да 13 чэрвеня.

Аўтары просяць чыноўнікаў «даць абгрунтаваны і матываваны адказ па сутнасці». Без фармалізму і бюракратызму.

Антось Воўк