Серада, 02 Сакавік 2016

Жыхары Віцебску просяць мітрапаліта Паўла выратаваць дрэвы ў парку, дзе зьбіраюцца будаваць сабор

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У сусьветнай сетцы разьмешчаная пэтыцыя віцебчука Яраслава Вайновіча, які зьвяртаецца да мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Паўла, патрыяршаму экзарха ўсяе Беларуси, з просьбай пра выратаваньне дрэваў у віцебскім парку, у якім зьбіраюцца будаваць Сафійскі сабор.

У пэтыцыі сказана, што праз узьвядзеньне ў горадзе гэтага храму зьнішчэньне пагражае аднаму з самых утульных месцаў старажытнага Віцебску - парку Партызанскай славы імя Міная Шмырова. Менавіта ў гэтай паркавай зоне віцебскія ўлады і праваслаўнае духавенства плянуюць будаўніцтва.

Сёньня колькасьць дрэваў і кустоў у парку - каля 800. Сярод відаў дрэваў, якія растуць у зялёнай зоне, - бяроза, ліпа, таполя і інш. Аднак у працэсе падрыхтоўкі тэрыторыі для ўзьвядзеньня Сафійскага сабору пад зьнішчэньне трапяць 206 дрэваў, а гэта больш за 25 адсоткаў, што, у сваю чаргу, прычыніць непапраўную страту і самому парку, і зялёнай архітэктуры гораду наогул.

Віцебчукі, што падпісваюць пэтыцыю, просяць мітрапаліта перанесьці тэрыторыю для ўзьвядзеньня храму туды, дзе не давядзецца зьнішчаць зялёныя насаджэньні. Прапановы такія: мікрараён Білева, раён ракі Лучосы, вуліца Ленінградзкая (дзе ў плянах будаўніцтва новых жылых дамоў).

У пэтыцыі адзначаецца, што за папярэднія дзесяць гадоў паўночная сталіца краіны з тых ці іншых прычынаў ужо пазбавілася шэрагу зялёных зонаў. Прыкладам, цалкам страчаны адзін сквэр і часткова парк. Таму любыя дзеяньні, якія сёньня спрычыняюцца да зьнішчэньня дрэваў, асабліва ў цэнтральнай частцы Віцебску, вельмі нэгатыўна ацэньваюцца грамадзкасьцю.

Таксама падкрэсьліваецца, што парк Партызанскай славы названы ў гонар Міная Шмырова, які зьяўляўся адным з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на Віцебшчыне ў пэрыяд Вялікай Айчыннай вайны. А беларусы зь вялікім трапятаньнем ставяцца да ўсяго, што мае дачыненьне да памяці партызан.

У інтэрнэт-пэтыцыі аўтар зьвяртаецца да мітрапаліта як да апошняй надзеі, каб выратаваць каштоўны для жыхароў гораду куток.