Пятніца, 07 Чэрвень 2024

«У прыярытэце для нас - чалавечнасць, а не палітыка»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Лепельшчыну напрыканцы траўня наведалі прадстаўнікі Міжнароднага дабрачыннага грамадскага аб'яднання "ЭкаБудаўнік" і грамадскай арганізацыі "Дамы замест Чарнобыля". Нямецкія інвестары прыехалі ў Лепель, каб абмеркаваць новыя праекты. Яны датычаць людзей з інваліднасцю.

З імі сустракаліся былы намеснік старшыні Лепельскага райвыканкама, а цяпер  дэпутат Палаты прадстаўнікоў Віктар Азаронак, дзядзька адыёзнага прапагандыста, Вераніка Хомбак, намесніца старшыні райвыканкама, а таксама спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лепельскага раёна.

Паводле кіраўніцы дабрачыннай арганізацыі "Дамы замест Чарнобыля" Эдэльтраўт Шыл, партнёрства з лепельчанамі дало менавіта той вынік, на які яны і разлічвалі. Людзі з інваліднасцю ў раёне жывуць паўнацэнным, яркім і насычаным жыццём. Шматгадовае супрацоўніцтва, нібы пазл, склаўся ў выдатны вынік. Узведзеныя аб'екты паспяхова функцыянуюць.

 «У прыярытэце для нас - чалавечнасць, а не палітыка», - сказала Эдэльтраўт Шыл.

Нагадаем, у Лепельскім раёне на працягу многіх гадоў пры ўзаемадзеянні замежных партнёраў з мясцовымі ўладамі рэалізуюцца сацыяльныя праекты. Самыя буйныя з іх за апошні час - будаўніцтва аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі людзей з інваліднасцю, а таксама працоўных майстэрняў пры ім.

Цяпер на Лепельшчыне знаходзіцца ў працы яшчэ адзін праект, і звязаны ён з дзецьмі. Пры падтрымцы нямецкіх інвестараў ідзе рамонт аднаго з дамоў сямейнага тыпу па вуліцы Чуйкова. Добраўпарадкоўваюць і прылеглую тэрыторыю.

Як піша сайт «Лепельскі край», Віктар Азаронак станоўча ацаніў супрацу з інвестарамі:

Вопыт узаемадзеяння Лепельскага раёна з замежнымі інвестарамі відавочны. Паспяховае партнёрства пацвярджаецца перш за ўсё адкрыццём новых сацыяльна значных аб'ектаў, якія праз час даказалі сваю запатрабаванасць і ўнікальнасць.

Цяпер мы працягваем працаваць у тым жа духу. Наперадзе - новыя дамоўленасці і канкрэтныя вынікі.

А вось людзей, для якіх накіраваная гэтая дапамога, ён некарэктна назваў інвалідамі.

«Нашы інваліды сталі зусім іншымі. Дзякуючы магчымасці рэалізоўваць свае таленты, вучыцца новаму, сустракацца і быць у цэнтры ўвагі, людзі з абмежаванымі магчымасцямі сталі больш адкрытымі і вясёлымі. Яны не сядзяць дома, не зачыняюцца ў сабе. Кожны з іх - паўнацэнны грамадзянін», - сказаў чыноўнік.

Нямецкія партнёры лепельчан падчас візіту пабывалі ў дамах сямейнага тыпу і аддзяленне тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Наведваюць гэтае аддзяленне 85 чалавек з інваліднасцю. Пры аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі людзей з інваліднасцю працуюць 11 працоўных майстэрняў, 15 гурткоў і клубаў.

Марыя Купкіна