Панядзелак, 20 Май 2024

Чарговы расійска-беларускі медыяфорум прайшоў у расійскім Пскове

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Пад час форуму Пад час форуму

У апошнія дні II расійска-беларускі форум студэнцкіх СМІ "Індустрыя медыя" аб'яднаў 150 прадстаўнікоў 50 ВНУ Расіі, 19 універсітэтаў Беларусі, а таксама Камрацкага дзяржаўнага ўніверсітэта АТА Гагаузія. Фінансаванне форума адбылося з бюджэту Саюзнай дзяржавы.

У цяперашні час амаль усе буйныя маладзёжныя мерапрыемствы Пскоўскай вобласці праходзяць з абавязковым удзелам беларускіх дэлегацый.

Паказальным і паспяховым, на думку чыноўнікаў, з'яўляецца тандэм Пскоўскага і Віцебскага дзяржаўных універсітэтаў. У бліжэйшых планах гэтага аб'яднання - рэалізацыя стратэгічнага праекта "Расійска-Беларускі ўніверсітэцкі саюз РАЗАМ", у рамках якога ўжо створаны сумесны адукацыйны кансорцыум.

Кіраўнік Пскоўшчыны Міхаіл Ведэрнікаў на сустрэчы студэнтаў дзвюх краін – Беларусі і Расіі – заявіў аб стварэнні маладзёжнага медыяхаба на базе Пскоўскага універсітэта.

У якасці падстаў да яго стварэння кіраўнік рэгіёну ўказаў узрослы інфармацыйны ўплыў на прыгранічныя рэгіёны з боку "недружалюбных" краін. Ён сказаў, што ў 2020 годзе быў у Мінску падчас пратэстаў і назіраў, як дзейнічае апазыцыя пад кіраўніцтвам замежных спэцслужбаў.

Губернатар агучыў мэты працы хаба. Гэта барацьба за аднадумства ў маладзёжным асяроддзі, павышэнне эфектыўнай дзяржаўнай прапаганды, імкненне мінімізаваць пранікненне варожых ідэй і каштоўнасцей у неакрэплыя розумы дзяцей і моладзі.

Ведэрнікаў перакананы, што рэалізаваныя сумесныя праекты ёсць важны крок у стварэнні адзінай інфармацыйнай прасторы Расіі і Беларусі.

Рыгор Шалуха