Панядзелак, 22 Красавік 2024

“Заўвагі не адпавядаюць...» На сайце гарвыканкама размясцілі вынікі абмеркавання ўстаноўкі флагштока ў Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Ніводнае з пяці пісьмова выкладзеных меркаванняў, што да стварэння ў Віцебску адмысловай плошчы для ўсталявання флагштока, не было прызнана слушным. Нават лексічную памылку ў назве «Плошча флага і герба», на якую ўказалі ўдзельнікі абмеркавання, аўтары праекта не прызналі – адказалі, што назва плошчы «прадстаўлена як перспектыўная прапанова», і што канчатковы варыянт будзе зацвярджацца гарвыканкамам.

Нагадаем, што грамадскае абмеркавнне тычылася ўзвядзення новага аб'екта гарадской інфраструктуры – флагштока для дзяржаўнага сцяга вышынёй 69 метраў. Чаму вышыня менавіта такая? Таму, што гэта будзе «выраб завадской камплектацыі». Такі адказ атрымалі тыя, хто лічыць вышыню флагштока не суадноснай з суседнімі пабудовамі.

Таксама ўдзельнікі грамадскага абмеркавання звярталі ўвагу на падмену самога прадмета абмеркавання: гараджан праінфармавалі пра намер усталяваць флагшток, а насамрэч аказалася, што пад яго запраектавана цэлая плошча з двума светладыёднымі экранамі,   гранітнай кампазіцыяй з назвай, пераноснымі кветнікамі, лаўкамі, сістэмай асвятлення і відэаназірання і брукаванкай на доле. Мяркуецца, што плошча зможа змясціць да 2-х тысяч чалавек. А наконт таго, што пра плошчу ў пачатку і размовы не было, аўтары канцэпцыі блытана патлумачана, што ў дадзеным выпадку «не прадугледжана стварэнне плошчы як інжынерна-транспартнай інфраструктуры». Што ж тады прадугледжана на тэрыторыі 0,57 га  - не тлумачыцца зусім.

Былі заўвагі і пра тое, што ў праектнай дакументацыі не агаворваецца кошт ажыццяўлення ідэі. Прыкладам, флагшток, усталяваны ў Гомелі, абышоўся бюджэту ў амаль мільён долараў. У Віцебску грошай спатрэбіцца больш – з улікам кошту светладыёдных экранаў, інтэрактыўнай панэлі і гд.  Але пра грошы з удзельнікамі абмеркавання размаўляць ніхто не захацеў: маўляў, сума будзе ўдакладняцца па меры ажыццяўлення праекта.  

Зрэшты, не была патлумачана і прынцыповая неабходнасць з'яўлення ў Віцебску яшчэ адной плошчы для дзяржаўных урачыстасцяў – з улікам таго, што гэтыя функцыі цалкам выконвае Плошча Перамогі.

Падрабязна пазнаёміцца з тым, якія адказы атрымалі ўдзельнікі абмеркавання, можна тут. Уласна абмеркаваннем тое, што правялі ў Віцебску, і назваць цяжка. Спачатку гараджан паставілі перад фактам, што ў горадзе будзе флагшток, а потым – што будзе цэлая плошча. Заўвагі і сумневы адносна мэтазгоднасці гэтай ідэі проста папусцілі, як кажуць, «міма вушэй».

Марта Караніна