Субота, 20 Красавік 2024

У Докшыцкім раёне праходзіць комплекснае вучэнне. Там гучыць сірэна-сігнал «Увага ўсім!»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Сігнал "Увага ўсім!" выкарыстоўваецца для абвесткі ў выпадку надзвычайнай сітуацыі, якая патрабуе якіх-небудзь дзеянняў з боку жыхароў. Спосабам абвесткі можа быць тэлефон, тэлевізар, радыё, спецаўтамабіль са спецыяльнай гукавой прыладай, сірэны, FM-прымачы ў транспарце.

Грамадзянам докшыцкія ўлады рэкамендавалі зачыніць вокны, дзверы, жалюзі. Падрыхтаваць марлевыя павязкі для засцярогі дыхальных шляхоў.

Для таго, каб праслухаць экстраннае паведамленне, яны раілі жыхарам Докшыччыны ўключыць мясцовае тэлебачанне ці радыё і настроіцца на нацыянальны канал і пасля праслухаць паведамленне.

“Трымаць сродак сувязі ўключаным на працягу ўсяго перыяду ліквідацыі аварыі, катастрофы ці стыхійнага бедства. Калі папераджальны сігнал заспеў вас на вуліцы, знайдзіце найбліжэйшы тэлевізар ці радыёпрымач для атрымання інструкцый”, - паведамляюць людзям улады.

Таксама яны нагадваюць, што надзвычайная сітуацыя прыроднага ці тэхнагеннага характару - гэта заўсёды рэальная пагроза жыццю і здароўю людзей. Адсутнасць абвесткі ў такім выпадку можа стаць прычынай панікі, матэрыяльнага ўрону і, што самае страшнае, чалавечых ахвяр.

Паводле докшыцкіх уладаў, у Беларусі створана і ўдасканальваецца сістэма апавяшчэння на рэспубліканскім, тэрытарыяльным, мясцовым і аб'ектавым узроўнях. Яе асноўная задача - своечасова данесці інфармацыю аб усіх відах небяспекі і аб распараджэннях па правядзенні ахоўных мерапрыемстваў.

Сігналы абвесткі аб НС перадаюцца з дапамогай паведамленняў па вузлах радыёвяшчання і тэлебачанні, правадной сувязі, SMS-паведамленняў на сотавыя тэлефоны, FM прымачоў. Уключаюцца таксама сірэны, выкарыстоўваюцца сігналы транспартных сродкаў і вулічныя гучнагаварыцелі.

У першую чаргу для прыцягнення ўвагі людзей падаецца папераджальны сігнал "Увага ўсім!". Даведацца яго можна па гуку электрасірэн і іншых сігнальных сродкаў працягласцю 3 хвіліны.

“Калі Вы пачулі падобнае ў хаце, трэба адразу ж уключаць радыёпрымачы ці тэлевізары. У гэты час перадаюць экстраннае паведамленне, у якім гаворыцца аб надзвычайнай сітуацыі даюцца ўсе неабходныя рэкамендацыі для наступных дзеянняў. Калі ж Вы знаходзіцеся на працы, адключыце абсталяванне. Прывядзіце ў гатоўнасць размешчаныя на апавяшчальнай тэрыторыі вузлы праваднога вяшчання, уключыце радыё і тэлевізійныя станцыі. Раскажыце аб атрыманым сігнале астатнім і прыгатуйцеся да праслухоўвання маўленчай інфармацыі. Далейшыя паводзіны павінны вызначацца непасрэдна гэтымі ўказаннямі”, - падсумоўваюць улады Докшыччыны.

Генадзь Кушнар