Субота, 13 Красавік 2024

Вайскоўцы з Лепельшчыны вяртаюцца ў пункт дыслакацыі пасля брыгаднага вучэння

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Як паведаміў 12 красавіка сайт лепельскай раёнкі lepel-kraj.by, ваеннаслужачыя і ваеннаабавязаныя, якія прызываліся на ваенныя зборы ў 19-ю асобную гвардзейскую механізаваную брыгаду Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання, вяртаюцца ў пункт пастаяннай дыслакацыі пасля брыгаднага тактычнага вучэння.

Поўная назва брыгады – беларуская 19-я гвардзейская Мікалаева-Будапешцкая чырванасцяжная ордэна Суворава асобная механізаваная брыгада — тактычнае злучэнне Сухапутных войскаў. Пункт яе пастаяннай дыслакацыі знаходзіцца ў вёсцы Заслонава, Лепельскага раёна Віцебскай вобласці.

Цяпер ідзе разгрузка тэхнікі з чыгуначных платформ.

“Ваеннаабавязаны Кірыл Шкельцін, які ўдзельнічаў у ёй, адзначыў, што ваенны збор праходзіў на пасадзе механіка-вадзіцеля ГМЗ-3. Пасля курса навучання ён, кіруючы сваім гусенічным мінным загараджальнікам, адчувае сябе сапраўдным прафесіяналам. Папрацавалі мы плённа, з пастаўленымі задачамі справіліся. Ужо хутка апынуся дома, дзе мяне чакае каханая жонка”, - піша лепельская раёнка.

Нагадаем, асабістаму складу злучэнняў і вайсковых частак, якія правяраліся, трэба было выканаць увесь комплекс мерапрыемстваў па падрыхтоўцы ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі да прымянення, загрузцы на транспарт запасаў матэрыяльна-тэхнічных сродкаў. Таксама трэба было выйсці ў назначаныя раёны і пасля быць у гатоўнасці да правядзення серыі вучэнняў, у тым ліку з баявой стральбой.

У выкананні задач па прызначэнні на Лепельшчыне было задзейнічана 212 ваеннаабавязаных, з іх 16 афіцэраў і 40 адзінак ТС.

Данута Ананіч