Серада, 03 Красавік 2024

З траўня пачне працу Глыбоцкі міжраённы цэнтр хуткай медыцынскай дапамогі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Віктар Гоманаў Віктар Гоманаў

Ён аб’яднае адпаведныя аддзяленні пяці цэнтральных раённых лякарняў. Як піша сайт докшыцкай раёнкі “Родныя вытокі”, з 1 траўня пачне работу Глыбоцкі міжраённы цэнтр хуткай медыцынскай дапамогі, які аб'яднае адпаведныя аддзяленні Докшыцкай, Глыбоцкай, Шаркаўшчынскай, Мёрскай, Пастаўскай і Браслаўскай цэнтральных раённых лякарняў.

Шматлікіх жыхароў гэтых раёнаў гэтае аб’яднанне не радуе, і яны хвалююцца за аператыўнасць хуткай медыцынскай дапамогі.

З гэтым пытаннем нават докшыцкая раёнка “Родныя вытокі” звярнулася да галоўнага ўрача Віцебскага абласнога цэнтра хуткай дапамогі Віктара Гоманава. На што ён адказаў наступнае:

Адразу запэўню: міжраённыя цэнтры маюць выключныя перавагі перад асобнымі аддзяленнямі. Цэнтралізацыя ў вобласці вядзецца з 2021 года, і за гэты час створаны Віцебскі, Аршанскі і Полацкі міжраённыя цэнтры. Складаней было пачынаць, а зараз, з улікам набытага вопыту, аб'яднаць астатнія раёны вобласці, якія яшчэ працуюць паасобку, - справа часу.

Палепшыцца не толькі аператыўнасць, але і кваліфікацыя аказання экстраннай медыцынскай дапамогі, а таксама кадравая сітуацыя і матэрыяльна-тэхнічная база - абнаўленне апаратуры, абсталявання.

Пасля Віктар Гоманаў расказаў пра алгарытм дзеянняў па новай схеме на прыкладзе Глыбоцкага цэнтра. Усе званкі па нумары 103 з шасці раёнаў будуць паступаць у Глыбокае на шматфункцыянальны тэлефон. Іх будуць прымаць тры дыспетчары, размяркоўваючы, куды хутчэй і якую брыгаду трэба накіраваць.

Пры выкліку неабходна будзе дакладна назваць адрас - не толькі нумар дома, вуліцу, вёску, але і сельсавет, каб прадухіліць выезд у аднайменную вёску. Асаблівасць новай структуры - адсутнасць адміністрацыйна-тэрытарыяльных межаў пры абслугоўванні насельніцтва пэўных раёнаў. Дыслакацыя брыгад застаецца той жа: докшыцкая знаходзіцца ў Докшыцах, браслаўская - у Браславе і г.д., але ўсе яны аб'яднаны адзіным падпарадкаваннем. Брыгада, якая будзе бліжэй да выкліку, і паедзе абслугоўваць яго. Напрыклад, Глыбоцкая - у Крулеўшчыну Докшыцкага раёна.

Жыхароў гэтых раёнаў хвалюе і тое, якой будзе лагістыка шпіталізацыі пацыентаў. Паводле галоўнага ўрача Віцебскага абласнога цэнтра хуткай дапамогі, цяпер пацыенты ў першую чаргу дастаўляюцца ў ЦРБ, дзе іх аглядаюць спецыялісты, праводзяць дадатковыя метады даследавання і ўжо потым пры неабходнасці накіроўваюць у вышэйстаячыя арганізацыі для аказання спецыялізаванай або высокакваліфікаванай дапамогі.

З адкрыццём міжраённага цэнтра лагістыка будзе іншай - абыходзячы прыёмны пакой, пацыентаў павязуць адразу на другі ўзровень аказання дапамогі - у стацыянар мясцовай або раённай лякарні, а потым, калі трэба, - на трэці: у Віцебск.

Да таго ж да хворых або пацярпелых могуць быць накіраваныя брыгады, якіх няма ў раёнах: педыятрычная, псіхіятрычная, інтэнсіўнай тэрапіі.

“Асабліва адчувальнай будзе экстранная дапамога сельскаму насельніцтву”,- запэўнівае Віктар Гоманаў.

Брыгады хуткай дапамогі будуць укамплектаваныя двума фельчарамі або фельчарам з медыцынскай сястрой. У Докшыцах будуць дзве брыгады, у Бягомлі - адна.

“Па сутнасці, брыгады ў гарадскім пасёлку як такой і не было, таму перад абласным цэнтрам стаіць першачарговая задача ўкамплектаваць яе, бо Бягомльскі ўчастак даволі складаны: тут праходзіць траса, дзе магчымы дарожна-транспартныя здарэнні і надзвычайныя сітуацыі.

Машынамі Докшыцкі раён забяспечаны добра — у студзені бягучага года былі перададзены тры новыя. Яны абсталяваны GPS-навігацыяй.

Цяпер абласны цэнтр закупляе фірмовыя касцюмы для брыгад. Таксама заказаны спецыяльныя карты з адлюстраваннем усіх без выключэння населеных пунктаў раёна - яны будуць размешчаны ў дыспетчарскай міжраённага цэнтра”, - кажа галоўны ўрач Віцебскага абласнога цэнтра хуткай дапамогі.

А жыхарам пяці раёнаў Віцебшчыны застаецца толькі паверыць у тое, што так і будзе, што іх улады не падмануць у чарговы раз, прыкрываючы аптымізацыю быццам выгодамі для людзей.

Ян Ранкевіч