Нядзеля, 17 Сакавік 2024

Маніторынг крамаў у Лепелі выявіў бруд, смецце і рэалізацыю пратэрмінаваных прадуктаў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Спецыялісты Лепельскага раённага ЦГіЭ зрабілі санітарны нагляд гандлёвых аб'ектаў горада з максімальным выкарыстаннем мер прафілактычнага і папераджальнага характару. Піша мясцовая раёнка.

Так, памочнік урача-гігіеніста Вольга Хацкевіч правяла маніторынг магазінаў Лепельскага раёна.

У лютым па выніках праверкі ў краме "Садавіна плюс 35" ТАА "Фрутрэал", якая месціцца па вуліцы Інтэрнацыянальнай, устаноўлена, што тэрыторыя, прылеглая да крамы, не ўтрымлівалася ў чысціні, валяліся недакуркі, бытавое смецце. Памяшканні крамы патрабуюць рамонту, ёсць дэфекты і ў аздабленні сцен, столі, падлог, дзвярэй.

Таксама ў краме дапускалася выкарыстанне абсталявання з дэфектамі. Захоўванне гародніны, карняплодаў і садавіны ажыццяўлялася сумесна з нефасаванымі сухафруктамі, што не прадухіляе яе псавання і не абараняе ад забруджвальных рэчываў. Акрамя гэтага, да рэалізацыі была дапушчана харчовая прадукцыя, якая не адпавядае ўстаноўленым патрабаванням.

Тэрыторыя крамы «Хіт! Стандарт» (філіял ТАА «Еўрагандаль» г. Віцебска) на вуліцы Мінскай, дзе размешчана кантэйнерная пляцоўка і разгрузачная рампа, не ўтрымлівалася ў чысціні. Там было выяўлена бытавое смецце, сапсаваная садавіна, раскіданыя скрынкі і ўпаковачны матэрыял.

У памяшканні "Склад (спадарожныя тавары)" ажыццяўлялася сумеснае захоўванне тавараў бытавой хіміі, сінтэтычных мыйных сродкаў і тавараў харчовай групы. Недабраякасная прадукцыя, канфіскаваная з абарачэння, да ўтылізацыі захоўвалася не ізалявана ў складскім памяшканні, а таксама ў маразільнай камеры сумесна з дабраякаснай прадукцыяй. На момант маніторынгу ў гандлёвай зале крамы да рэалізацыі была прапанавана прадукцыя са скончаным тэрмінам прыдатнасці.

У краме “Хіт! Экспрэс» (філіял ТАА «Еўрагандаль» г. Віцебска) па вуліцы Інтэрнацыянальнай) таксама недабраякасная прадукцыя, вынятая з абарачэння, да ўтылізацыі захоўвалася не ізалявана ў складскім памяшканні, а ў маразільнай камеры сумесна з дабраякаснай прадукцыяй. Таксама ў гандлёвай зале магазіна да рэалізацыі была прапанавана прадукцыя са скончаным тэрмінам прыдатнасці.

Не прэзентабельнай выглядала і тэрыторыя крамы «Хіт! Экспрэс» (філіял ТАА «Еўрагандаль»  г. Віцебска) па вуліцы Калініна. Недакуркі, паперкі і іншае бытавое смецце валяліся па-за спецыяльна абсталяванай канструкцыяй, неўпарадкавана ажыццяўлялася захоўванне кардонных каробак, поліэтыленавых мяшкоў, металічных стэлажоў на колах з-пад харчовых прадуктаў.

Недабраякасная прадукцыя, канфіскаваная з абарачэння, да ўтылізацыі захоўвалася не ізалявана ў складскім памяшканні, а ў маразільнай камеры сумесна з дабраякаснай прадукцыяй.

Памяшканні гандлёвага аб'екта не падтрымліваюцца ў чысціні. Дзверы, падлогі, сцены брудныя, у кутах, пад гандлёвымі стэлажамі, за маразільнымі ларамі - бруд, смецце. Халадзільнае і гандлёвае абсталяванне бруднае, у падцёках.

У гандлёвай зале крам да рэалізацыі прапанавана прадукцыя са скончаным тэрмінам прыдатнасці.

Пры наведванні крамы "Мясны гурман" па вуліцы М. Горкага супрацоўнікі санстанцыі адзначылі чысціню, але парушэнні ў абароце прадукцыі таксама знайшлі.

Там было дапушчана выкарыстанне абсталявання з пашкоджаным пакрыццём, у гандлёвай зале не выдзеленыя асобныя зоны для захоўвання і рэалізацыі сыравіны і гатовай харчовай прадукцыі ды іншыя парушэнні.

Таксама на момант праверкі ў гэтай краме да рэалізацыі была прапанаваная прадукцыя са скончаным тэрмінам прыдатнасці.

Супрацоўнікі райЦГіЭ Лепеля паведамляюць пра тое, што і надалей будуць трымаюць гэтую тэму на кантролі. Яны будуць наведваць любую краму ў розны час.

Генрых Шчодры