Чацвер, 14 Сакавік 2024

У Верхнядзвінску таксама адбываецца мілітарызацыя дзяцей, у тым ліку пачатковых класаў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У Верхнядзвінску, як і ў іншых школах і нават садках Віцебскай вобласці, асноўным кірункам выхавання дзяцей цяпер з’яўляецца ваенна-патрыятычнае. Такі загад міністэрства адукацыі, і школы яго актыўна выконваюць.

То бок улады вырашылі актыўна ўбіваць у галовы дзяцей патрэбную ім ідэалогію, каб падлеткі не думаючы ішлі змагацца за іх падчас магчымай вайны. Трэба зазначыць, што на некаторых школьнікаў гэта сапраўды ўжо ўздзейнічае.

Нядаўна ў Верхнядзвінскай гімназіі падвялі вынікі конкурсу ваенна-патрыятычнай песні "Нас песня да Перамогі вяла", які прысвячаўся 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нацыстаў. Конкурс ваенна-патрыятычнай песні праходзіць у гімназіі ўжо не першы год, але сёлета доўжыўся  цэлы тыдзень, падчас яго дзеці спявалі песні, прысвечаныя вайне, вядома, на расейскай мове. Таксама ставіліся літаратурна-музычныя кампазіцыі на ваенную тэматыку і міні-спектаклі, пастаўленыя навучэнцамі і іх педагогамі проста ў класах.

"Кацюша", "Смуглянка", "На безназоўнай вышыні", "Цёмная ноч" – як шмат эмоцый выклікаюць знаёмыя з дзяцінства мелодыі, як шмат сэнсу ў простых вершаваных радках. Некаторыя з гэтых песень паднімалі баявы дух салдат на франтах Вялікай Айчыннай вайны, некаторыя нарадзіліся на свет ужо пасля Перамогі, але зараз усе яны непарыўна звязаны памяццю, якую нясуць у сабе скрозь гады і пакаленні”, - піша сайт мясцовай раённай газеты “Дзвінская праўда”.

Вынікі конкурсу падводзілі на ўрачыстых лінейках, якія былі прысвечаныя 23 лютага. Там былі ўзнагароджаныя пераможцы пачынаючы з другога класа і заканчваючы дзясятым. А матэрыял пра гэтую імпрэзу сайт раёнкі размясціў нават галоўнай навіной. Раней столькі ўвагі ваеннай тэматыцы не надавалася.

Ульяна Хоркіна