Панядзелак, 04 Сакавік 2024

Комплекс будынкаў былога льнозавода на Глыбоччыне прадалі за 1500 беларускіх рублёў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Віцебскі камітэт "Віцебскаблмаёмасць" правёў аўкцыён, на якім прадаў комплекс будынкаў і збудаванняў былога Пліскага льноапрацоўчага завода, размешчанага непадалёк ад гарадскога пасёлка Падсвілле ў Глыбоцкім раёне, прыкладна за 1500 беларускіх рублёў (каля 460 даляраў). Піша сайт глыбоцкай раёнкі “Веснік Глыбоччыны”.

Вышэйзгаданы лот складаецца больш як з дваццаці будынкаў і збудаванняў сумарнай плошчай каля 25 000 квадратных метраў, уключаючы спецыялізаваныя прамысловыя карпусы і аб'екты інфраструктуры, а таксама больш за дзесяць адзінак абсталявання.

Гэты аб'ект з'яўляецца самым буйным са спісу дзяржаўнай маёмасці, якая не выкарыстоўвалася і была прададзена на аўкцыёнах за апошнія гады.

Як распавялі арганізатары аўкцыёну, нядаўна актывы прадпрыемства, якое збанкрутавала яшчэ ў 2017 годзе, перайшлі да прыватнага вытворцы з Гомеля. Кампанія плануе выкарыстоўваць набытыя актывы для развіцця вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, асабліва для перапрацоўкі пяску пад розныя будаўнічыя праекты.

Актывы размешчаныя на зямельным участку памерам каля 15 гектараў на ўскраіне Падсвілля.

Згодна з умовамі аўкцыёну, новы ўладальнік абавязаны пачаць камерцыйную дзейнасць не пазней за два гады з моманту падпісання дагавора куплі-продажу.

Алесь Буква