Субота, 02 Сакавік 2024

На Віцебшчыне на 7% вырасла колькасць хворых на наркатычную залежнасць. І гэта толькі зафіксаваныя выпадкі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Вынікі падвялі спецыялісты Віцебскага абласнога цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі, дзе ёсць звесткі пра тых, хто стаіць на медычным уліку. Колькасць хворых на наркаманію ў Віцебскай вобласці ў 2023 годзе склала 54 выпадкі, гэта амаль 5 чалавек на 100 тысяч насельніцтва. Летась выяўлена 14 чалавек з залежнасцю ад таксічных рэчываў (у 2022 годзе - 8). Колькасць выяўленых спажыўцоў наркатычных і таксічных рэчываў без наступлення залежнасці склала 122 чалавекі і знізілася да ўзроўню 2022 года на 19,2 працэнта. Колькасць непаўналетніх у гэтых групах склала 14 чалавек (у 2022 годзе - 8 чалавек).

У Віцебскай вобласці на 1 студзеня 2024 года пад назіраннем у наркалагічных кабінетах знаходзілася 1000 чалавек - 850 мужчын і 150 жанчын, якія ўжываюць псіхаактыўныя рэчывы. 510 чалавек стаяць на дыспансерным уліку, 490 чалавек - на прафілактычным назіранні, распавяла газеце «Витьбичи» галоўны ўрач цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі Алена Мартынава.

Галоўны пазаштатны спецыяліст па наркалогіі ГУЗА, намеснік галоўнага ўрача па наркалогіі Віцебскага абласнога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі Ігар Свіркуноў акрэсліў сацыяльны партрэт нарказалежнага чалавека: як правіла, гэта чалавек ад 16 да 40 гадоў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, які не мае сям'і. Чвэрць грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку ў спецыялістаў, маюць судзімасць, у тым ліку неаднаразова. У некаторых судзімасць звязана з незаконным абаротам наркотыкаў.

Загадчыца падлеткавага наркалагічнага аддзялення Карына Мінаева расказала пра рост колькасці непаўналетніх, у якіх быў аднаразовы вопыт ужывання наркотыкаў (з трох чалавек у 2022 годзе да пяці ў 2023 годзе). Сярод тых, хто паспрабаваў забароненыя рэчывы, ёсць і юныя распаўсюджвальнікі.

Найбольш часта факты ўжывання наркотыкаў па-ранейшаму адзначаюцца ў Віцебску, Оршы, Полацку, Наваполацку.

Марына Шолахава