Серада, 28 Люты 2024

Шасцікласнікі ў Мёрах зачытвалі ваенную прысягу

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

На Мёршчыне апошнім часам пераважае вайсковае выхаванне дзяцей. Днямі ў невялікім горадзе Мёры зладзілі некалькі мерапрыемстваў вайсковай накіраванасці для малодшых і старэйшых школьнікаў. У Мёрскай школе №3 адбылася конкурсная праграма пад назвай “Школа будучага салдата”.

Як піша сайт “Міёрскія навіны”, удзельнікі падцягваліся на турніках, кідалі "гранаты", чысцілі бульбу на хуткасць, практыкаваліся ў аказанні першай медыцынскай дапамогі. Навыкі зборкі і разборкі аўтаматаў адпрацоўвалі не толькі хлопцы, але і дзяўчаты.

Фінальным іспытам быў творчы конкурс, дзе школьнікі спявалі расейскія патрыятычныя песні «Кацюша», «Смуглянка». Вядома, беларускіх знайсці цяжка ды і навошта, калі зараз у краіне ўсё беларускае праследуецца, а пануе расейскае.

Як сказала дырэктар навучальнай установы Наталля Будзько, канкурсанты прадэманстравалі найлепшыя якасці абаронцаў Айчыны. Гэта вытрымка, стойкасць, уменне падтрымаць адзін аднаго і здольнасць прыняць крэатыўнае рашэнне.

А ў дзіцячай бібліятэцы горада была праведзеная конкурсна-гульнявая праграма для навучэнцаў шостага класа з СШ №2 ім. Н. Зварына.

“Юныя абаронцы ўдзельнічалі ў конкурсах і інтэлектуальных заданнях. Атрымалася праверыць веды і ўменні кожнага. А для таго, каб стаць сапраўднымі салдатамі, хлопцы дружна зачытвалі ваенную прысягу”, - піша сайт мясцовай раёнкі.

Нічога сабе прыдумалі крэатыў бібліятэкары – зачытваць шасцікласнікам прысягу, мо ўжо трэба адразу з садка рыхтаваць зомбі-людзей, якія будуць з маленства, як толькі пачнуць гаварыць, зачытваць прысягу на вернасць дыктатару.

Конкурсна-забаўляльная праграма адбылася і ў Цэнтры культуры і народнай творчасці. Паводле мясцовага выдання, пяць удзельнікаў конкурсу праявілі свае таленты, сілу і кемлівасць.

Першым "баявым" заданнем была візітная картка. У вершаванай форме хлопцы расказалі пра свае таленты. Пасля прайшлі конкурсы «Прайдзі па балоце», «Механік»,  «Разведчык», «Лекар»,  «У тыле».

А ў конкурсе "Адзін на адзін" школьнікі памераліся сіламі ў армрэстлінгу, а кіраваць спаборніцтвамі запрасілі нават ваеннага камісара раёна Сяргея Пунтуса.

Эльвіра Галушка