Субота, 24 Люты 2024

Асцярожна, жыхароў Віцебшчыны падманваюць «супрацоўнікі КДБ». Новая схема, каб выманіць грошы

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Палітычную сітуацыю ў краіне, калі за «не тыя» падпіскі ў сацыяльных сетках можна трапіць на 15 сутак, і дзе кожны чалавек адчувае сябе «патэнцыйна вінаватым» за мінімальныя праявы вальнадумства, пачалі выкарыстоўваць махляры. Ва ўмовах, калі людзі адчуваюць сябе безабароннымі перад сілавікамі, менавіта ў іх пераўвасабляюцца аматары лёгкай нажывы. Схема працуе добра: ахвярамі махляроў становяцца тыя, хто гатовы безаглядна падпарадкоўвацца і баіцца пакарання нават у тым выпадку, калі нічога кепскага не зрабіў.

Тэлеграм-канал віцебскай міліцыі распавядае, як гэта адбываецца на практыцы: зламыснікі абіраюць ахвяру, у якой на рахунку можа быць значная сума грошай, і збіраюць звесткі пра жыццё чалавека. Найпрасцей «патрапіцца» ім на вочы за тыя ж «экстрэмісцкія» спасылкі або ўа нейкія выказванні ў інтэрнэце, якія могуць быць расцэнены як занадта смелыя. Калі патэнцыйная ахвяра знойдзена, за ёй сочаць. У прыватнасці, выведваюць месца працы чалавека і яго непасрэднага кіраўніка. Далей – справа тэхнікі: махляры ствараюць фэйкавы акаўнт «дырэктара» ці «загадчыка», і ад ягонага імя праз перапіску ў мэсэнджарах запалохваюць ахвяру там, што стала вядома пра ягоную «дэструктыўную дзейнасць». Прыкладам, пра данаты экстрэмісцкім фарміраванням. Пры гэтым кажуць, што ёсць магчымасць пазбегнуць крымінальнай справы, паразмаўляўшы з «аператыўнікам», «супрацоўнікам КДБ», «следчым» або «прадстаўніком міліцыі» пра неабходнасць перавесці на канкрэтны рахунак буйную суму грошай у якасці «кампенсацыі нанесенага ўрону».

Што цікава: былі выпадкі, калі нават тыя, хто ніколі не «данаціў экстрэмістам», верылі ў тое, што іх могуць у гэтым звінаваціць. І перадавалі грошы чалавеку, з якім раіў звязацца іх «кіраўнік па працы». Віцебскія міліцыянты прыводзяць канкрэтныя прыклады: сёлета ў студзені лекарка адной з раённых бальніц перавяла махлярам 55 тысяч рублёў паводле ўказання свайго «непасрэднага начальніка» з фэйкавым акаўнтам.

Тэлеграм-канал «Северная столица», блізкі да віцебскіх сілавікоў, рэгулярна публікуе відэаролікі пра тое, што некаторыя мясцовыя жыхары добраахвотна прызнаюцца ў тым, што пераводзілі грошы арганізацыям, пазней прызнаным «экстрэмісцкімі». І што ў выпадку, калі пералічыць буйную суму грошай, напрыклад, дзіцячаму дому, гэтую віну даруюць. На фоне такой інфармацыі версія пра неабходнасць пералічыць грошы на нейкі рахунак, каб пазбегнуць турэмнага тэрміну, выглядае цалкам жыццяздольнай. А людзі, якіх той самы тэлеграм-канал запалохвае пагрозамі «дойдзем да кожнага», назіраючы вал адміністацыйных і крымінальных справаў пасля падзей 2020г., насамрэч ужо не вераць у сілу праўды і закона. Таму лічаць за лепшае «адкупіцца» проста на ўсялякі выпадак.

Праваабаронцы раяць правяраць падобную інфармацыю, і калі ёсць сумневы ў сапраўднасці «падазрэнняў», неадкладна праверыць, ці насамрэч з вамі на сувязі ваша «кіраўніцтва», і ці існуе такі «супрацоўнік КДБ» ці іншых структур, які раіць пераводзіць сродкі на нейкія рахункі.

Мікалай Мазураў