Субота, 30 Снежань 2023

Тэлеграм-канал, блізкі да віцебскіх сілавікоў, прапануе віцяблянам прыходзіць на «праверачныя мерапрыемствы» ў міліцыю ці ГУБАЗіК

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Тэлеграм-канал, які амаль паўтара месяцы не абнаўляў кантэнт, перад навагоднімі святамі раптоўна «ажыў». Там з“явіліся некалькі відэаролікаў, дзе гараджанам прапануюць «пераабуцца» і прайсці праверку сваёй «датычнасці да экстрэмізму». Інакш кажучы, добраахвотна прыйсці  ў міліцыю ці ГУБАЗіК, распавесці пра свой удзел у пратэстных падзеях 2020-га года, і, калі сілавікі палічаць, што нічога небяспечнага для грамадства «добраахвотнік» не зрабіў, яго адпусцяць «рыхтавацца адзначаць Новы год».

У відэароліках выкарыстаны прыклады аповедаў на відэакамеру тых, хто нібыта так і зрабіў, і вельмі сабой задаволены. Праўда, пазнаць гэтых людзей немагчыма – стваральнікі відэаролікаў закрылі іх твары, а таму ёсць верагоднасць, што гэта падстаўныя асобы, якіх выкарысталі ў «агітацыйных» мэтах.  Але не толькі ў агітацыйных: кантэнт   Тэлеграм-канала, блізкага да віцебскіх сілавікоў, наўпрост  займаецца запалохваннем гледачоў. У тэкстах да відэа ёсць нават пагрозы накшталт «ГУБАЗіК усіх «пераабуе» і парады «для тых, хто кадзіў на мітынгі, і амасаецца, што можа стаць наступным героем відэароліка» -- «з“явіцца для прафілактычнай гутаркі, выдаліць усе свае каментары і спаць спакойна». Паслядоўнасць выглядае не лагічна: калі з“явіцца з «пакаяннем», не выдаліўшы каментароў або рэпостаў з так званых экстрэмісцкіх рэсурсаў,  эфект будзе зваротным. «Добраахвотнік» адразу стане «затрыманым», а потым «падсудным» і «пакараным»...

Зрэшты, пад відэаролікамі няма ніводнага каментара з падзякамі за такія парады або ўласнымі «гісторыямі поспеху». А ўсё таму, што абяцанням сілавікоў, а тым больш іхным прадстаўнікам – аўтарам саматужнай відэапрадукцыі – жыхары Віцебска ўжо даўно не вераць.

Марта Загнетава