Чацвер, 02 Лістапад 2023

Зацвердзілі ахоўныя зоны «Гістарычнага цэнтра г. Полацка». Ужо пасля таго, як на тэрыторыі Верхняга замка размясцілі кадэцкую вучэльню.

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Праект зон аховы нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці "Гістарычны цэнтр г. Полацка" і нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца на тэрыторыі гістарычнага цэнтра г. Полацка зацверджаны Пастановай Міністэрства культуры №133. Яна ўступіла ў сілу 27 кастрычніка.

Аб“ект «Гістарычны цэнтр Полацка» пазначаны ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь № 212Е000600. Гэта «будынкі і збудаванні, планіровачная структура, ландшафт і культурны слой на тэрыторыі, абмежаванай: з поўначы – вул. Кастрычніцкай, з поўдня – вул. Дзяржынскага, з усходу – вул. Юбілейнай да вул. Дзяржынскага, з захаду – па вул. Гастэлы, М. Багдановіча, Шэнягіна да вул. Кастрычніцкай». У ахоўнай зоне, згодна з заканадаўствам, забаронены любыя земляныя (будаўнічыя работы), без правядзення адпаведных навуковых і даследчых работ.

У лютым 2020г. ў гістарычнай частцы старажытнага горада, непасрэдна каля Сафійскага сабора, на тэрыторыі Верхняга Замка, распачалося будаўніцтва кадэцкай вучэльні. Гэта выклікала абурэнне грамадскасці, бо вучэбна-вайсковую ўстанову вырашылі размясціць на тэрыторыі падахоўнага гістарычнага аб“екта, які мае найвышэйшую рэспубліканскую катэгорыю. Прычым гэтая тэрыторыя не была да канца даследавана, і ў перспектыве яна мела шанцы стаць помнікам Міжнароднай вартасці, адпаведна патрабаванням ЮНЭСКА.

Тым не менш, Кадэцкі корпус быў збудаваны, і сёлета ў верасні прыняў першых выхаванцаў. Каля муроў полацкай Сафіі з“явіліся плац для маршыроўкі плошчай 1800 кв.м. і некалькі пляцовак з трэнажорамі, тут жа, у будынках былой гарадской бальніцы размясцілі вучэбныя класы, цір, некалькі спартовых залаў і «культурна-асветніцкі блок» з музеем, канферэнц-залам, кабінетам маральна-духоўнага выхавання.

Размяшчэнне Кадэцкага корпуса ў гістарычным цэнтры Полацка зрабіла праблемным далейшае даследаванне гэтай тэрыторыі.

Марыя Важнік