Серада, 25 Кастрычнік 2023

У Глыбокім заклалі алею пераемнасці і прысвяцілі яе камуністам

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Як піша сайт глыбоцкай раёнкі “Веснік Глыбоччыны”, у парку "Паўночны", у так званы Год міру і стварэння, чыноўнікі і БРСМаўцы заклалі Алею пераемнасці. Пасадку дрэў яны прысвяцілі 105-годдзю Усесаюзнага Ленінскага камуністычнага саюза.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі  былыя камсамольцы, камуністы, прадстаўнікі старэйшага пакалення – былы галоўны ідэолаг Глыбокага і кіраўнік камуністычнай партыі Міхаіл Чарапкоўскі, а таксама Генадзь Шульга, Ларыса Нетбайла, Таццяна Саўліч, Алена Альшэўская, старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Вера Цяліца, намесніца старшыні Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Тарасевіч (жонка вядомага ў Глыбокім суддзі, які выносіць палітычныя прысуды), цяперашні галоўны ідэолаг горада - Людміла Карніловіч і навучэнцы Глыбоцкага дзяржаўнага каледжа, сярэдняй школы №1 ім. П.А. Сухога і Глыбоцкай раённай гімназіі.

Аказваецца, на Глыбоччыне ўлады арганізавалі нават цэлы святочны камсамольскі тыдзень, які пачаўся 23 кастрычніка. Сімвалам гэтага тыдня для іх стала эмблема, якая быццам адлюстроўвае пераемнасць пакаленняў дзвюх моладзевых арганізацый - Усесаюзнага Ленінскага камуністычнага саюзу і Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, а таксама чырвона-зялёная стужка.

Усяго так званыя камсамольцы і камуністы падчас сваёй акцыі пасадзілі 88 дрэў - ліп, грэцкіх арэхаў і бяроз. Толькі вось ці будуць яны даглядаць гэтую алею належным чынам, ці проста ўсё зноў зрабілі  “дзеля галачкі”?

Мо будзе так, як калісьці ладзілі падобную акцыю і высаджвалі ўрачыста дрэвы на сцежцы здароўя каля глыбоцкага дэндралагічнага сада, на якую частку грошай выдзяляў Еўрапейскі звяз. А зараз там і сцежка здароўя ў занядбаным выглядзе, і ніводнага пасаджанага дрэва не відаць – ці загібелі яны, ці скралі іх, ці перасадзілі куды гэтыя дрэвы – невядома.

Зоя Фаміна