Аўторак, 26 Верасень 2023

На Пастаўшчыне за 9 месяцаў пакаралі 15 чалавек за выраб самагону

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Па міліцэйскай статыстыцы, кожнае трэцяе злачынства на Віцебшчыне ўчыняюць асобы, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення. А атручванне сурагатамі алкаголю займае першае месца ў статыстыцы ўсіх інтаксікацый.

Таму міліцыянты на пастаяннай аснове праводзяць так званы комплекс мерапрыемстваў, накіраваны на выключэнне з нелегальнага абароту алкагольнай і спіртаўтрымальнай прадукцыі.

Пра вынікі гэтай працы на Пастаўшчыне мясцовай раёнцы распавёў намеснік начальніка аддзела аховы і правапарадку і прафілактыкі РАУС Яўген Малікаў.

Паводле міліцыянта, за 9 месяцах бягучага года на Пастаўшчыне ўчастковымі выяўлены 23 факты незаконнага вырабу, перамяшчэння і рэалізацыі алкагольнай прадукцыі і моцных алкагольных напояў. Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнутыя 15 чалавек. Агулам у іх канфіскавана 91 літр брагі, 23 літры самагону, 50 літраў спіртаўтрымальнай прадукцыі, а таксама 6 самагонных апаратаў.

Як кажа Яўген Малікаў, адказнасць за дадзены від правапарушэння прадугледжаная артыкуламі 13.21 і 13.27 КаАП. За незаконнае перамяшчэнне і захоўванне алкагольных напояў, вытворчасць, перапрацоўку, захоўванне і перамяшчэнне не харчовай спіртаўтрымальнай прадукцыі і этылавага спірту, а таксама іх рэалізацыю прадугледжаны штраф памерам да 100 базавых велічынь. А за выраб ці набыццё самагону, брагі і захоўванне самагоннага апарата – штрафы да 5 базавых велічынь.

Напрыканцы міліцыянт заклікаў пастаўчан да так званага стукацтва – тэлефанаваць у мясцовы РАУС і паведамляць пра вядомыя ім вышэйзгаданыя факты.

Карына Гукава