Субота, 16 Верасень 2023

Пра метады “дэструктыўнага інфармацыйна-псіхалагічнага ўздзеяння” на насельніцтва гаварылі ў Глыбокім

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Як піша мясцовая раёнка, у Глыбокім у рамках адукацыйнага праекта "Адкрытая кафедра" прайшла сустрэча на тэму "Захаванне і ўмацаванне беларускай дзяржавы - у адзінстве беларускага народа". Сустрэча адбылася па ініцыятыве Віцебскай абласной арганізацыйнай структуры дзяржаўнага аб'яднання "Беларускае таварыства "Веды".

У мерапрыемстве прымалі ўдзел першы намеснік старшыні Віцебскай абласной аргструктуры РДГА “Беларускае таварыства “Веды” Наталля Ткачова, юрыст, старшы выкладчык кафедры гісторыі і тэорыі права Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава Таццяна Сафонава, загадчык Віцебскай абласной навукова-тэхнічнай бібліятэкі Ірына Фëдарава.

Так званыя эксперты распавядалі глыбачанам пра метады дэструктыўнага інфармацыйна-псіхалагічнага ўздзеяння на насельніцтва Беларусі і, у прыватнасці, на моладзь, на спробы разбурыць традыцыйныя духоўна-маральныя каштоўнасці грамадства, а таксама пра так званыя прававыя і ідэалагічныя асновы  супрацьдзеяння такому згубнаму ўплыву. І гэта распавядалі ў краіне, дзе яе кіраўнік і яго падначаленыя жывуць па прынцыпе “у нас не да законаў”, дзе паняцце “права” і “правы чалавека” ўвогуле згубілі свой сэнс.

Таксама так званыя эксперты забыліся ўдакладніць, што яны ўкладваюць у само паняцце “мараль” і “дэструктыўнае” ўздзеянне. Чаму ў краіне існуе прафанацыя і так званае “чорнае” завецца “белым”, зло дабром і наадварот. Што ў Беларусі ўжо даўно скажаюцца гэтыя паняцці, а дэструктыўнай інфармацыяй называецца праўдзівая і аб’ектыўная.

Шматлікім глыбачанам ужо надакучылі падобныя сустрэчы (гэта бачна і па тварах прысутных на фота), так званыя “пятнічныя” ідэалагічныя сходы на прадпрыемствах з адчыткамі ідэалагічна нядобранадзейных працаўнікоў, жыццё ў страху і запужванні, арышты і штрафы за лайкі, пасты, падпіскі на СМІ, групы, чаты, якія проста не падабаюцца ўладам, і якія ўлады Беларусі называюць дэструктыўнымі і экстрэмісцкімі.

Але, нягледзячы на ўсё гэта, людзі ў дваццаць першым стагоддзі ведаюць, як знайсці і карыстацца патрэбнай ім інфармацыяй у інтэрнэце, тым больш моладзь.

Галіна Карпава