Панядзелак, 21 Жнівень 2023

Шаркаўшчынскі галоўны ідэолаг заклікала падчас “Яблычнага фэсту” раздзявацца і працаваць. Бо будзе вельмі цікава

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У Шаркаўшчынскім раёне, па традыцыі ў жніўні праходзіць “Яблычны фэст”, прымеркаваны да яблычнага спасу і ладзіцца на сядзібе вядомага мясцовага  селекцыянера Івана Сікоры ў вёсцы Алашкі.

Туды з’язджаюцца не толькі мясцовыя жыхары, але і госці з усёй Беларусі, бо гэта свята ўжо некалькі год адзначаецца як абласное. Яно прыцягвае туды не толькі аматараў яблык і тых, хто шануе памяць пра Сікору, але яшчэ і тых, каму падабаецца беларуская культура і традыцыі. Таму там можна сустрэць шмат людзей у вышыванках, беларускіх строяў, якія выконваюць на беларускай мове вершы, спевы, прыпеўкі, чытаюць байкі, робяць беларускія стравы з яблыкаў, гуляюць у гульні ды іншае.

Але бывае так, што падчас імпрэзы некаторыя людзі хочуць выдзеліцца на фоне іншых, каб прыцягнуць да сябе асаблівую ўвагу.

Гэтым разам такім госцем свята стала галоўны ідэолаг Шаркаўшчынскага раёна Людміла Стома. Яна з’явілася на свята ў кепцы з надпісам выказванняў Лукашэнкі “Раздзявайся і працуй” ды надзела цішотку з надпісам “Будзе вельмі цікава. Пачынайце варушыцца”. У такім выглядзе яна актыўна фатаграфавалася на камеры прысутных праўладных карэспандэнтаў.

Хоць было падрыхтавана некалькі артыкулаў пра гэтае свята і вялікі фотарэпартаж у мясцовай раёнцы “Кліч Радзімы” і на сайце, але нідзе не бачна, што Людміла Стома сама дзесьці раздзелася і працавала. Вось калі б такое адбылося, то сапраўды людзям стала б вельмі цікава і, пэўна, яны б тады і заварушыліся.

Таму відаць, што сама яна гэтыя лозунгі свайго павыдара ўсур’ёз не ўспрымае, а ёй толькі трэба было выдзеліцца на фоне народнай масы, тыпу “ўсе людзі, як людзі, а я зорка”.

А можа яна такім чынам намякае пра раздзяванне кіраўніку раёна, стоячы за яго спінай? А той не звяртае на гэта ўвагі…

Рыгор Пуга