Аўторак, 08 Жнівень 2023

У браслаўскіх уладаў не хапае грошай на добраўпарадкаванне

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Таму мясцовым прыватным арганізацыям і прадпрымальнікам даводзіцца выдзяляць на гэта свае сродкі. Пры гэтым старшыня Браслаўскага райвыканкама Вячаслаў Грышчанка заяўляе, што дзяржаўна-прыватнае партнёрства можа быць эфектыўным інструментам добраўпарадкавання і навядзення парадку на зямлі.  Пра гэта піша сайт мясцовай раёнкі braslav-star.by.

У якасці станоўчага прыкладу ў гэтым плане кіраўнік рэгіёна прывёў сумесную ініцыятыву па акультурванні пляцоўкі на вуліцы Кастрычніка ў Браславе - паміж будынкам КБА і "Еўраоптам". Тут яшчэ вясной абсталяваны тратуар, выкладзены бардзюры і асфальт. Акуратная тэрыторыя з’явілася на месцы вечнай лужыны. Гэтыя работы праведзены ў складчыну: іх фінансаваў як мясцовы бюджэт, так і пяцёра прадпрымальнікаў, чые аб'екты размешчаны на гэтым невялікім пятачку зямлі. Цікава, што было б з іх бізнесам, калі хтосьці з прадпрымальнікаў адмовіўся б гэта рабіць? Пытанне рытарычнае і большасці беларусаў вядомы адказ на яго.

Як зазначае намеснік старшыні райвыканкама Пётр Бялусь, пры актыўным удзеле мясцовага насельніцтва падтрымліваецца пастаянны парадак на грамадзянскіх могілках і працягваецца азеляненне. Паводле чыноўніка, на Браслаўшчыне ў гэтым сезоне высаджана 681 дрэва і 588 кустоў, уладкавана і адрамантавана 6,1 га газонаў.

Ён кажа, што ў раёне ў мінулым годзе было праведзена 5 суботнікаў у горадзе Браславе і 91 - у сельскіх населеных пунктах. Сёлета браслаўскія ўлады правялі ўжо 2 раённыя суботнікі і адзін рэспубліканскі, у межах якіх наведзены парадак у грамадскіх месцах адпачынку, пафарбаваныя бардзюры, дзіцячыя пляцоўкі, прыбраныя дваровыя тэрыторыі, высаджаны дрэвы і кусты, зроблены клумбы ды  іншае.

Але мясцовыя ўлады не спыніліся на адных суботніках, яны яшчэ зрабілі традыцыйнымі для раёна месячнікі па добраўпарадкаванні і азеляненні прыдамавых тэрыторый.

Алеся Вашчанка