Аўторак, 25 Ліпень 2023

Аршанскія ўлады абвясцілі апытанне гараджан, але выказаць сваё меркаванне ім няма дзе

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У мясцовай «Аршанскай газеце» з’явілася абвестка пра тое, што мясцовыя ўлады праводзяць інтэрнэт-апытанне, дзе ў горадзе найлепей было б збудаваць Палац шлюбаў. Сваімі меркаваннямі аршанцаў прасілі падзяліцца на афіцыйным сайце райвыканкама ў раздзеле «Апытанні». Аднак такой старонкі на сайце проста не існуе: на яе нельга ні перайсці па спасылцы з абвесткі ў газеце, ні адчыніць непасрэдна з сайта. Дык ці насамрэч улады цікавяцца меркаваннямі гараджан?

Паказальна, што большасць аршанцаў толькі з заметкі ў «раёнцы» даведаліся пра планы пабудовы Палаца шлюбаў. Яго будаўніцтва зусім не з“яўляецца надзённай патрэбай: цяпер шлюбы рэгіструюць у помніку архітэктуры, гістарычным будынку былога трынітарскага кляштара. Ен месціцца ў самым цэнтры гораду, тэрыторыя вакол добраўпарадкавана, створаны прывабныя лакацыі для фотасесій... Адкуль узялася сама ідэя будаўніцтва, застаецца незразумелым. Тым болей, што ніхто не бачыў праекта будынка, і абмеркаванні, дзе яго найлепей ўзводзіць, выглядаюць простым марнаваннем часу.

І ўсё ж на мясцовым незалежным сайце orsha.eu вырашылі высветліць, што думаюць жыхары Оршы пра неабходнасць Палаца шлюбаў.

65% з ліку тых, хто ўзяў удзел у апытанні на незалежным сайце, мяркуюць, што новы Палац шлюбаў у горадзе не патрэбны. Прынамсі, зараз, калі ў бюджэце няма грошай на рамонт дарог, закупку грамадскага транспарту, набыцце медычнага абсталявання для бальніц і гэтак далей.

Юрка Жмых