Серада, 05 Ліпень 2023

Па ініцыятыве ўлад трэць школ Віцебшчыны вярнуліся ў часы СССР

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
У мікрафона - Уладзімір Цярэнцьеў У мікрафона - Уладзімір Цярэнцьеў

За апошнія чатыры гады з 350 сярэдніх навучальных устаноў Віцебскай вобласці больш за сто ўжо набылі імёны выдатных людзей. У асноўным гэта ваенныя або партызаны ВАВ, якія атрымалі званні героя Савецкага Саюза. Толькі ў Віцебску каля двух дзясяткаў школ носяць імёны савецкіх мілітарыяў. Для параўнання. З 425-ці школ Смаленскай вобласці "гераічнымі" з'яўляюцца толькі 17 навучальных устаноў.

Школы, размешчаныя ў малых гарадах і ў сельскай мясцовасці, таксама не забытыя і ў апошнія гады ўлады мэтанакіравана прасоўваю мілітарызацыю ў назвах гэтых школ. Ідэйным натхняльнікам і выканаўцам гэтага праекта з'яўляецца старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. Паводле слоў кіраўніка дэпутацкага корпуса, цяпер больш як 100 школ Віцебшчыны маюць імёны герояў, і работа гэта будзе працягвацца.

І ў галоўнага абласнога дэпутата словы не разыходзяцца са справай.

Так, 28 чэрвеня Уладзімір Уладзіміравіч прыняў удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды прысваення сярэдняй школе нумар 2 г. Новалукомля (Чашніцкі раён) імя ст. лейцінанта войскаў НКУС-НКДБ Героя Савецкага Саюза Фёдара Азміцеля. У Чашніцкім раёне гэта ўжо трэцяя школа, якая атрымала імя Героя Савецкага Саюза.

А днём пазней, Цярэнцьеў прысутнічаў на публічным мерапрыемстве ў гонар прысваення сярэдняй школе № 2 Оршы імя камандзіра дывізіёна 462-га артылерыйскага палка 13-й арміі Заходняга фронту Героя Савецкага Саюза Барыса Хігрына.

Відавочна, што працэс саветызацыі праз мілітарызацыю назваў беларускіх навучальных устаноў мае мэтанакіраваны палітычны характар, бо ўлады лічаць, што гэта дазваляе ўмацаваць сувязі паміж рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі, Казахстана і іншых рэспублік былога Савецкага Саюза.

Эдзіта Мілава