Серада, 21 Чэрвень 2023

Новую ідэалагічную структуру стварылі ў РУП «Віцебскэнерга»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фото Ілюстрацыйнае фото

На прадпрыемстве стварылі Моладзевую раду. Няйнакш гэта спроба «пазмагацца за моладзь», пра што перыядычна згадваюць прадстаўнікі ўладаў, калі скардзяцца на «заходні ўплыў», «дэструктыўныя інтэрнэт-рэсурсы» і гэтак далей. За апошнія месяцы «Віцебскэнерга» страціла больш за сотню адмыслоўцаў, як у Віцебску, так і ў рэгіёнах. Людзі былі звольненыя пасля судоў па «палітычных» адміністрацыйных артыкулах – 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) і 19.11 (распаўсюд «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыі). Страціўшы вытворчыя кадры, на прадпрыемстве вырашылі заняцца прэвентыўным выхаваннем моладзі – перацягнуць яе на бок прыхільнікаў дзейнай улады.

Моладзевую раду стварылі паводле ініцыятывы кіраўнікоў суполак прафсаюзу, БРСМ і ГА «Белая Русь». Прэферэнцыі, якія будуць мець удзельнікі новай ідэалагічнай структуры, прадказальныя. Паводле намесніка дырэктара РУП «Віцебскэнерга» Уладзіміра Дзіклова, « у моладзі з“явіцца болей магчымасцяў прасоўваць свае ініцыятывы, узаемадзейнічаць з адміністрацыяй і грамадскімі арганізацыямі прадпрыемства ў вырашэнні праблем. Рада будзе садзейнічаць рэалізацыі моладзевых праграм, прыцягненню хлопцаў і дзяўчат да актыўнага жыцця калектыву. У рады будзе права наўпрост выходзіць з прапановамі да кіраўніцтва прадпрыемства».

Атрымліваецца, што дагэтуль моладзь прадпрыемства энергетыкаў не мела аніякай магчымасці выступаць з прапановамі, звяртацца да адміністрацыі па праблемных пытаннях, браць удзел у грамадскім жыцці. Калі гэта так, то кіраўніцтва прадпрыемства варта пакараць за дыскрымінацыйныя паводзіны ў дачыненні да маладых супрацоўнікаў. Але найхутчэй справа ў іншым: неабходнасць стварэнне Моладзевай рады абгрунтоўваецца казённымі фармулёўкамі, за якімі няма ніякіх рэальных справаў.

Не выклікае здзіўлення і тое, што Моладзевую раду, якая складаецца з 20 чалавек, ўзначаліў Мікіта Саламонаў -- сакратар БРСМ апарата кіраўніцтва РУП «Віцебскэнерга». На ягоную думку, існаванне новай структуры «дазволіць праводзіць супольныя мерапрыемствы для ўсіх філіялаў» і «ажыццяўляць аператыўнае ўзаемадзеянне кіраўніцтва і моладзі».

Жанна Жалейка