Чацвер, 06 Красавік 2023

«Агітаваць, каб не з’зджалі з Беларусі.» Праўладная газета паставіла новую задачу педагогам

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

У дзяржаўнай газеце «Витебские вести»апублікавалі артыкул пра патрыятычнае выхаванне. У ім карэспандэнтка Лілія Іўчанка распавяла пра віцебскага выкладчыка, які сказаў, што з дыпломам ягонай ВНУ будзе легка знайсці працу ў любой краіне свету. Педагагічныя кадры з такімі перакананнямі «нельга дапускаць у навучальныя аўдыторыі», — адкаментавала сітуацыю Таццяна Аўтухова, былая дырэктарка школы, а цяпер удзельніца камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу па адукацыі, культуры і навуцы.

Найверагодней, што выкладчык, ухваляючы перспектывы сканчэння канкрэтнай ВНУ, меў на ўвазе высокі ўзровень адукацыі і запатрабаванасць у свеце набытых у Беларусі спецыяльнасцяў. Але спадарыня Іўчанка і яе суразмоўцы ўбачылі ў ягоных словах адсутнасць патрыятызму і ледзьве не здраду Радзіме.

Карэспандэнтка «Витебских вестей» цытуе 54 артыкул Канстытуцыі, дзе гаворыцца, што патрыятызм з’яўляецца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. А выкладчыца кафедры філасофіі і сацыяльных навук Яўгенія Далімаева лічыць неабходным дадаць, што тэрмін «патрыятызм» ўключае ў сябе не проста любоў да Радзімы, а яшчэ й працу дзеля таго, каб Радзіма станавілася больш моцнай, прыгожай і паспяховай. І таму «педагог, які клапоціцца пра дабрабыт сваёй краіны, мусіць імкнуцца выхаваць пакаленне, накіраванае на рашэнне задач, што стаяць перад ягонай Радзімай, а не шукаць лепшай долі ў іншым месцы».

Пошукі лепшай долі за межамі Беларусі лічыць заганнай з’явай і дэпутатка Віцебскай Чкалаўскай выбарчай акругі № 18 Таццяна Аўтухова, якая на пасадзе дырэктара школы №45 падчас прэзідэнцкіх выбараў выклікала міліцыю на незалежных назіральнікаў і выбаршчыкаў, што чакалі вынікаў на школьным двары.

Настаўніца малодшых класаў паводле дыплому, яна падкрэслівае, што патрыятычнае выхаванне ў сістэме адукацыі мела месца заўсёды, аднак было «недастаткова эфектыўным». Таму цяпер ў навучальных установах займаюцца не проста патрыятычным, а вайскова-патрыятычным выхаваннем, падлеткаў запрашаюць вайскова-патрыятычныя клубы і класы, а ўсё таму, што на моладзь «накіраваны інфармацыйныя атакі з-за мяжы». І задача настаўніка, на думку спадарыні Аўтуховай, не дапусціць замежнага ўплыву на беларускую моладзь. Ён мусіць «данесці да вучняў думку, што атрымаць добрую адукацыю можна і трэба ў роднай краіне, і што магчымасць рэалізаваць сябе тут таксама ёсць». Педагогаў «з іншымі перакананнямі» не павінна быць у беларускай сістэме адукацыі.

Лёс выкладчыка ВНУ, які пахваліў якасць адукацыі ў віцебскай ВНУ праз перспектывы атрымаць добрую працу за мяжой, найхутчэй, ужо вырашаны.

Жанна Жалейка