Панядзелак, 29 Чэрвень 2015

Сьледчыя органы ня лічаць заяўнікамі апазыцыйных актывістаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Упраўленьне Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці ня лічыць заяўнікамі сяброў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, якія знайшлі чалавечыя парэшткі паблізу вёскі Хайсы. На падставе гэтага сьледчыя органы адмаўляюць ім у атрыманьні пастановы аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы і ў азнаямленьні іх з матэрыяламі праверкі, праведзенай аддзяленьнем СК па Віцебскім раёне.

Згодна зь дзейным крымінальным законам, заяўнікамі зьяўляюцца грамадзянін альбо група грамадзян, якія ў вуснай або пісьмовай форме паведамілі ўладам пра злачынства, якое адбылося або рыхтуецца.

Калі ў лістападзе 2014 году былі знойдзеныя шматлікія косткавыя парэшткі людзей з прыкметамі гвалтоўнай сьмерці, сябры КХП БНФ зьвярнуліся з заявамі ў мясцовыя органы ўлады: у сьледчы камітэт і ў міліцыю. У заявах партыйныя актывісты паведамілі пра сваю страшную знаходку.

Праверка іх паведамленьня была даручаная СК па Віцебскім раёне. Работнікі гэтай дзяржаўнай установы ў тэрміновым парадку забралі зь ямін некалькі чалавечых чэрапаў меркавана з кулявымі адтулінамі ў патылічнай частцы, некалькі гільзаў і куль ад наразной агнястрэльнай зброі, фрагмэнты вопраткі і абутку.

Усе гэтыя прадметы былі перададзеныя экспэртам, каб яны вызначылі час масавай гібелі людзей, іх пол і ўзрост, від агнястрэльнай зброі, з дапамогай якой адбывалася забойства людзей.

Па сканчэньні 6 месяцаў начальнік аддзелу СК па Віцебскім раёне Аляксей Ларкін паведаміў апазыцыянэрам пра тое, што сьледзтва не здабыла дастатковых дадзеных для такіх працэсуальных дзеяньняў, як распачацьце і расьсьледаваньне крымінальнай справы па факце масавых расстрэлаў грамадзян.

Апроч таго, спадар Ларкіна паведаміў сябрам КХП БНФ, якія падпісалі заявы ў органы ўлады аб выяўленьні парэшткаў расстраляных людзей, што яны не зьяўляюцца заяўнікамі. А гэта азначае, што яны аўтаматычна пазбаўляюцца працэсуальных правоў, у тым ліку атрымліваць і аспрэчваць у судзе пастанову аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы, а таксама знаёміцца ​​з матэрыяламі праверкі.

Аднак апазыцыйныя актывісты не пагадзіліся з дыскрымінацыйнымі, на іх думку, дзеяньнямі начальніка аддзелу СК А. Ларкіна і падалі на яго скаргу ва Ўпраўленьне СК па Віцебскай вобласьці, у якой прасілі аднавіць іх працэсуальныя правы заяўнікаў.

Адказ на зварот сябраў КХП БНФ падпісаў начальнік Упраўленьня СК па Віцебскай вобласьці Ўладзімер Шалухин. Ён пацьвердзіў і зацьвердзіў пазыцыю сваіх падначаленых з раённага аддзяленьня. На яго думку, апазыцыянеры не зьяўляюцца сапраўднымі заяўнікамі і таму пазбаўленыя ўсіх працэсуальных правоў у межах крымінальна-працэсуальнага закону.

На гэтай падставе ён не знаходзіць службовых і працэсуальных парушэньняў з боку яго падначаленага А. Ларкіна і ня бачыць прычын для прыцягненьня яго да якога-кольвек пакараньня.

Пасьля такога павароту падзеяў у апазыцыянэраў застаецца простае пытаньне. Хто ж, калі не яны, зьяўляецца заяўнікам па факце выяўленьня чалавечых парэшткаў на месцы меркаваных масавых расстрэлаў у лесе каля вёскі Хайсы?

Віцебская вясна