Серада, 25 Лістапад 2015

Ваенкаматы Віцебшчыны завяршаюць адпраўку прызыўнікоў на вайсковую службу

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Восеньскі прызыў ва Ўзброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь у самым разгары. Менавіта ўвосень прызываецца дзьве траціны беларускіх маладзёнаў, апошнія зь якіх 30 лістапада мусяць трапіць у вайсковыя часткі.

Сёлетні прызыў адрозьніваецца ад ранейшых тым, што адбываецца ва ўмовах досыць напружанай і няпростай міжнароднай атмасфэры. Усё больш і больш краінаў уцягваюцца ў лякальныя ваенныя канфлікты, а тэрарызм нахабна грукаецца ў дзьверы жыхароў плянэты, незалежна ад месца іхнага пражываньня. У глябальным сьвеце дзяржавам усё цяжэй і цяжэй становіцца захоўваць нэўтралітэт. З улікам вышэйсказанага было цікава распытаць бацькоў і блізкіх віцебскіх прызыўнікоў пра тое, зь якім пачуцьцём адпраўляюць яны сёньня на службу сваіх патэнцыйных абаронцаў.

Пад дахам доўгай мэталёвай паветкі, што побач з будынкам Віцебскага абласнога ваенкамату, хаваюцца ад дробнага восеньскага дажджу сёлетнія прызыўнікі. Бацькоў і дзяцей падзяляе бэтонны плот. З выразам нейкай асуджанасьці ці наканаванасьці на тварах за агароджай стаяць дарослыя, у першую чаргу маці, якія, наколькі могуць, адцягваюць час расстаньня. Асобна ад іншых, прыткнуўшыся да плоту, стаіць дзяўчына аднаго з прызыўнікоў. Падыходжу да яе, але ісьці на кантакт яна ня хоча. Пакідаю дзяўчыну сам-насам са сваім горам і падыходжу да пары, якая гучна размаўляе. Дзядзька аднаго з прызыўнікоў прыйшоў праводзіць улюбёнага пляменьніка. Мужчына быў, відавочна, нападпітку і ад таго – празмерна пазытыўны. Яго проста расьпірала ад жаданьня выказацца перад жанчынай, якая стала яго выпадковай суразмоўніцай.

– Ці не здаецца вам, што ў гэткае надвор'е ня вельмі камфортна пад такой паветкай? – зьвяртаюся я да іх.

– А больш няма дзе, тут так заўжды. Мой старэйшы пляменьнік неяк у лютым сыходзіў, і нічога – усё адно сюды пад дах, – адказвае гаваркі грамадзянін.

– Мы, памятаю, у будынку час бавілі. Я таксама некалі прызываўся увосень.

– А Вы каго праводзіце? – пытаюся ў жанчыны.

– Сына.

– Зрабілі б кантрактную армію – можа б, не стаялі тут?

– Кантрактнае войска? Ну дык ім жа тады трэба было б плаціць, – насцярожваецца мужчына.

– Так, але ж гэта праца.

– Гэта праца? Мы ў свой час служылі, а зараз што? Дзіцячы садок. Старэйшы пляменьнік служыў у Пячах. Як ні пазваню: «Што ты робіш?» – «Сплю ў капцёрцы». Амаль кожны месяц дома бываў. Што за служба? Зяць у мяне таксама. Прыходзіць з дачкой: «Не бяруць, адтэрміноўку далі, а я ў войска хачу. Што рабіць?» – «У цябе тата хто? – пытаюся. – Міліцыянт? Ідзі да таты і прасіся, кажы, што хочаш служыць на Чарняхоўцы» – «А так можна?» – пытаецца. – « Можна, у ваенкамаце гэта вітаецца». Праз нейкі час дачка тэлефануе – усё ў парадку. Дома адслужыў, амаль кожны вечар у нас, калі горад патруляваў. Прыйшоў з арміі, я яму і кажу: ідзі па бацькавых сьлядох. Не хацеў спачатку, потым пагадзіўся. Затое пры працы. Цяпер што дзеецца: ані працы, ані заробку, а так пры працы. І на пэнсію пойдзе раней.

– У складаны час прыйдзецца служыць вашым родным людзям: ва Ўкраіне ваююць, у Сырыі – маштабная вайна, тэрарысты ўсіх да пячонак дасталі, – пераводжу я гаворку на актуальную тэматыку.

– А што нам да Сырыі? Дзе мы, а дзе Сырыя? А хахлы самі вінаватыя, паводзілі б сябе як беларусы, і танны газ мелі, і не ваявалі б між сабою цяпер.

– Я таксама лічу, што Ўкраіна сама вінаватая, яны самі заварылі гэтую кашу. Тыя, хто прыйшлі там да ўлады, што яны зьмянілі? Паўсюль тупыя, неадукаваныя людзі. Тое, што там адбываецца, – гэта жах нейкі. Гэта ж не расейцы там адно аднаго забіваюць. Самі ўкраінцы сваімі рукамі сваю краіну развалілі, – падтрымала гаваркога мужчыну маці будучага салдата і  адышла бліжэй да сьцяны дому ў пошуках зацішнага ад дажджу месца, але сыходзіць яна, відавочна, не зьбіралася.

Дожджык стаў церусіць яшчэ мацней, і я пайшоў за ёй сьледам, пакінуўшы гаманкога суразмоўцу сам-насам.

– Будзеце стаяць да канца? – запытаў я жанчыну.

– Да канца, – адказала тая, і па яе твары было відаць, што яна моцна перажывае.

Я сыходзіў дадому з адчуваньнем нейкай безвыходнасьці, разумеючы, што ў сьвядомасьці звычайнага беларуса нічога не зьмяняецца: «абы ціха», «неяк перажывём, прыстасуемся», «скарыстаемся з таго, што ёсьць», «наша хата з краю», «а ва Ўкраіне яшчэ горш»...

С. Горкі, Віцебская вясна