Пятніца, 26 Жнівень 2016

У Лёзьненскім, Пастаўскім, Чашніцкім раёнах і Віцебску значна вырасла злачыннасьць

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У межах паседжаньня калегіі пракуратуры Віцебскай вобласьці адбылося падвядзеньне вынікаў працы за першыя 6 месяцаў гэтага году і акрэсленьне задач, якія змогуць у далейшым павысіць эфэктыўнасьць нагляднай дзейнасьці ў рэгіёне.

На мерапрыемстве прысутнічалі генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк, пракурор Віцебшчыны Генадзь Дыско і яго намесьнікі Аляксандар Сідаровіч, Георгі Каранько і Ўладзімер Гук.

Прадстаўнікамі пракуратуры вобласьці былі адзначаныя і станоўчыя вынікі працы праваахоўнікаў, і пралікі ў праваахоўнай дзейнасьці.

Так, сумесныя намаганьні праваахоўнікаў і захады пракурорскага нагляду паспрыялі захаваньню стабільнай апэратыўнай абстаноўкі. За першыя паўгода 2016 году ў Віцебскай вобласьці было зьдзейсьнена 5 547 злачынстваў, што перавышае паказчыкі за аналягічны леташні пэрыяд на 2,4%. Аднак разам з тым скарацілася колькасьць забойстваў, разбойных нападаў, крадзяжоў, крадзяжоў аўтамабіляў. Таксама стала менш злачынстваў, якія былі зьдзейсьненыя паўторна ў грамадзкіх месцах асобамі ў нецьвярозым стане. Калі казаць пра ўзровень злачыннасьці ў рэгіёне па першым паўгодзьдзі, то на 10 тысяч чалавек ён склаў 46,4.

Што тычыцца сытуацыі па раёнах, то за першыя 6 месяцаў значна вырасла злачыннасьць у Лёзьненскім, Пастаўскім, Чашніцкім раёнах, а таксама ў самім абласным цэнтры.

Полацкі, Мёрскі, Дубровенскі, Гарадоцкі раёны і Віцебск – тут стала больш зьдзяйсьняцца цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынных дзеяньняў.

Пастаўскі, Сеньненскі, Чашніцкі, Мёрскі раёны – тут сталі больш забіваць.

Докшыцкі, Дубровенскі, Верхнядзьвінскі, Расонскі, Талачынскі, Чашніцкі раёны – тут усё яшчэ высокая рэцыдыўная злачыннасьць.

На паседжаньні было адзначана, што трэба паляпшаць стан законнасьці ў працы апэратыўных службаў, у тым ліку датычна вышуку бязь вестак зьніклых.

Ня менш актуальнымі застаюцца і пытаньні забесьпячэньня абароненасьці крытычна важных і іншых сацыяльна значных аб'ектаў Віцебшчыны ад магчымых праяваў экстрэмізму.

Падчас паседжаньня казалася і пра тое, што ня ўсюды ў вобласьці актывізаваная дзейнасьць, накіраваная на папярэджаньне карупцыі.

Таксама падкрэсьлівалася, што больш увагі неабходна надаваць умацаваньню здароўя вайскоўцаў, захаванасьці дзяржмаёмасьці, выкананьню заканадаўства пра прызыў грамадзян на тэрміновую, рэзэрвавую службу і г.д.