Аўторак, 02 Люты 2016

Адкуль у віцебскім ВНУ ўзялася «Залатая катэдра Расеі»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Чытач «Нашай Нівы» зь Віцебску даслаў у рэдакцыю ліст, у якім зьвярнуў увагу на тое, што ў Віцебскай акадэміі вэтэрынарнай мэдыцыны ажно дзьве катэдры ўзнагароджаныя званьнем «Залатая катэдра Расеі». Як у беларускай установе адукацыі могуць існаваць катэдры іншых дзяржаваў? «Наша Ніва» разабралася і высьветліла, што тое званьне – ня больш як псэўданавуковае махлярства.

Што такое «Залатая катэдра Расеі»? Гэта псэўданавуковая ўзнагарода, якую выдае г.зв. «Расейская акадэмія прыродазнаўства». У 2013 годзе гэтую ўзнагароду атрымала катэдра гігіены жывёлаў, якой кіраваў Мядзьведзкі Ўладзімер Аляксандравіч, а ў 2012 катэдра паразыталёгіі і інвазійных хваробаў Віцебскай вэтэрынарнай акадэміі.

Тады гэтай катэдрай, як і усёй акадэміяй, кіраваў Антон Ятусевіч. Трохі раней ён атрымаў ад той жа «Акадэміі прыродазнаўства» шэраг іншых узнагарод: званьне «Заслужаны дзеяч навукі і адукацыі» і «Залаты мэдаль імя М.І. Вавілава».

«Антон Іванавіч, віншуем вас з наданьнем ганаровага званьня «Заслужаны дзеяч навукі і адукацыі» ад Расейскай акадэміі прыродазнаўства. Чым тлумачыцца такая ўвага да вас і да беларускага ВНУ ў замежжы?» – пыталіся ў ляўрэата журналісты «Беларускай нівы» ў 2013 годзе. Той пералічваў шэраг сваіх дасягненьняў і падсумоўваў, што і надалей разам з калегамі будзе трымаць «марку навукоўцаў сусьветнага ўзроўню».

Між тым «Расейская акадэмія прыродазнаўства» – гэта акадэмія толькі па назьве. Ніякіх навуковых складнікаў у ёй няма. Гэта выдавецкі дом, які друкуе і прадае прагным да ўзнагародаў навукоўцам свае ліпавыя дыплёмы. Напрыклад, той «Залаты мэдаль імя М.І. Вавілава» «Расейскай акадэміі прыродазнаўства» – гэта копія аднайменнага мэдаля аўтарытэтнай Расейскай акадэміі навук.

Паводле «Вікіпэдыі», з 1997 году сапраўдным мэдалём імя Вавілава ўзнагароджаныя толькі тры чалавекі. Прысуджаецца сапраўдны мэдаль за «выбітныя работы ў галіне генэтыкі, сэлекцыі і расьлінаводзтва». У «РАП» фармулёўка прысуджэньня ўзнагароды абсалютна такая ж, з той розьніцай, што за «ўзнагароды» РАП трэба плаціць, і атрымаць гэты мэдаль можа абсалютна кожны.

Робіцца гэта такім чынам: на сайце «РАП» ахвотнаму прапануецца стаць «сушукальнікам» узнагароды, якіх некалькі дзясяткаў на выбар. Пасьля афармленьня запыту празь нейкі час на электронную пошту прыходзіць адказ ад «навуковага сакратара», дзе паведамляецца, што кандыдатура сушукальніка ўхваленая да ўзнагароджваньня. За грошы выдавецкі дом прадае нават званьні акадэміка, прафэсара і члена-карэспандэнта «РАП»! Вядома, што гэтыя званьні толькі дублююць афіцыйныя навуковыя пасады, бо «РАП» не зьяўляецца навуковай акадэміяй. Такое сабе «казацтва» ў навуковым асяродку.

Але адная справа купляць ліпавыя званьні і прэміі для сябе. Другая справа – афармляць узнагароду на катэдру. Узьнікае пытаньне, ці не за дзяржаўныя сродкі набывалася тая «Залатая катэдра Расеі» ў Віцебскай акадэміі?

Мы датэлефанаваліся да спадара Антона Ятусевіча, які даў нам «чэснае прафэсарскае слова», што за гэтыя ўзнагароды ён не заплаціў ні капейкі. Маўляў, «мы ўбачылі на сайце абвестку пра конкурс на «Залатую катэдру», адаслалі дакумэнты і перамаглі».

Журналісты «Нашай Нівы» таксама, для экспэрымэнту, напісалі запыт на ўзнагароджваньне нашай «катэдры» званьнем «Залатой катэдры Расеі».

Літаральна празь дзень прыйшоў адказ, сутнасьць якога: «Вы перамаглі, пералічыце на гэты рахунак 7000 расейскіх рублёў на «афармленьне дакумэнтаў» і забірайце сваю ўзнагароду». Пры жаданьні можна прыехаць у «РАП» асабіста, альбо замовіць перасылку на свой адрас.

Апроч дзьвюх катэдраў Віцебскай вэтэрынарнай акадэміі, узнагароду «Залатая катэдра Расеі» мае, напрыклад, «катэдра» «эніяінжынэрыі» «Акадэміі эніяінжынэраў Расеі». Яна існуе толькі ў інтэрнэце, і кіруюць гэтай «катэдрай» шарлатаны, якія называюць сябе «дактарамі энэргаінфармацыйных навук» і «лечаць» рак «энэргіяй жыцьця з космасу», як ім тое дыктуе «Найвышэйшы касьмічны розум».

На пытаньне, ці не засмучае яго тое, што гэтая «РАП» выдае свае фіктыўныя ўзнагароды ўсім ахвотным шарлатанам, Антон Ятусевіч сказаў, што яму пра гэта нічога не вядома.

Дарэчы, на сайце «РАП» ёсьць сьпісы іхных «членаў-карэспандэнтаў», «акадэмікаў» і «прафэсараў», сярод якіх ёсьць і беларусы.

Арцём Гарбацэвіч, nn.by