Прыхільніца «русского мира» Мірсалімава абяцае 9 траўня раздаваць георгіеўскія стужкі
Віцебская прарасейская актывістка запрашае гараджан далучыцца да акцыі «Бессмертный полк». Яе арганізатары паведамляюць, што віцябляне могуць прайсці з партрэтамі сваіх родных – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – у асобнай калоне падчас афіцыйнага гарадскога ўрачыстага шэсця. Эльвіру Мірсалімаву не задавальняе, што сімвалам свята перамогі падчас дзяржаўных імпрэзаў стала чырвона-зялёная бутаньерка з белай яблыневай кветкай, і таму яна анансавала раздачу георгіеўскіх стужак. Паведамляючы пра гэта ў сацыяльных сетках, жанчына усяляк падкрэслівае, што яе прынцыповая пазіцыя ў гэтым пытанні не супадае з пазіцыяй уладаў. Аднак і летась, і раней міліцыя нават увагі не звярнула на тое, што адбываецца нешта, што выходзіць за «ідэалагічныя межы» святкаванняў. Дарма параўноўваць, што сталася б з ахвотнымі раздаць у цэнтры Віцебску стужкі ў колерах беларускага нацыянальнага сцяга...
У віцебскім цэнтры бяспекі МНС школьнікам паказваюць, як «весці бой з фашыстамі»
У цэнтры бяспекі віцебскай структуры МНС стварылі экспазіцыю, прысвечаную генацыду беларускага народу, і абсталявалі пляцоўку віртуальнай рэальнасці для школьнікаў. Падлеткам прапануюць стаць абаронцамі «Полацкага рубяжу» - лініі ўмацаванняў, дзе нацысцкіх нападнікаў, якія планавалі бесперашкодны захоп Полацку, затрымалі на два тыдні. У горадзе, слаўным сваёй багатай на падзеі старажытнай гісторыяй, абралі для распрацоўкі праекта віртуальнай рэальнасці менавіта перыяд Вялікай Айчыннай вайны, і гэта ў цяперашніх ідэалагічных варунках мала каго дзівіць.
21 траўня — Дзень палітвязняў у Беларусі
У гэты дзень два гады таму ў шклоўскай калоніі №17 памёр палітвязень Вітольд Ашурак. Крымінальная справа па факце яго смерці да гэтага часу не ўзбуджаная, а сітуацыя з палітычнымі зняволенымі за гэты час значна пагоршылася. Летась тэмай Дня палітвязняў была жоўтая бірка — спецыяльная метка ў калоніях, пра якую ўпершыню ў лісце распавёў Вітольд.
У Обалі збіраюцца паставіць арт-аб'ект у гонар дыверсантаў
Як будзе выглядаць правакацыйны мастацкі артэфакт, і хто аўтар, пакуль не паведамляецца. Але ўжо адна назва «Рэйкавая вайна» гучыць па цяперашніх часах двухсэнсоўна. Магчыма, арт-аб’ект будзе перайменаваны, і да 9-га траўня ў гарадскім пасёлку Обаль, што ў Шумілінскім раёне, ён з’явіцца ўжо пад іншай назвай. Паводле афіцыйнай інфармацыі з дзяржСМІ, такім чынам вырашана ўшанаваць памяць пра дзейнасць падпольнай камсамольскай брыгады «Юныя мсціўцы», якая дзейнічала тут падчас Вялікай Айчыннай вайны (1942-1943гг). За гэты час была здзейснена 21 дыверсія, сярод іх - падрыў вадакачкі і трох мастоў, падпал ільнозавода, знішчэнне некалькіх эшалонаў і аўтамашын. Дзве ўдзельніцы Обальскага камсамольскага падполля, Зінаіда Партонова і Ефрасіння Зянькова, былі ўзнагароджаны званнем Герой Савецкага Саюзу.
У Глыбокім да свята 1 траўня выцягнулі бюст Леніна ды іншую даўніну, пакрытую пылам
У Глыбоцкім гарадскім Доме культуры прайшло мерапрыемства, прысвечанае Святу працы, якое адзначаецца ў Беларусі 1 траўня.