Панядзелак, 03 Красавік 2023

Палачанаў інтэгруюць у «расейскі літаратурны свет»

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Кіраўніца народнага літаратурнага клуба «Литературный ковчег» Святлана Чыжова Кіраўніца народнага літаратурнага клуба «Литературный ковчег» Святлана Чыжова

У Полацкім каледжы ВДУ імя Машэрава прэзентавалі нумар маскоўскага часопіса «Литературные знакомства», дзе існуе рубрыка «Книга в журнале», і апошнія з іх – «Полоцкая литературная тетрадь». Паводле выдаўцоў, у яе ўвайшлі творы 25-ці расейскамоўных аўтараў, удзельнікаў літаратурных суполак «Литературный ковчег», «Полоцкая ветвь» і «Наддзвінне». Навучэнцаў і грамадскасць гораду запрасілі на знаёмства з досыць спецыфічным выданнем і светапоглядам аўтараў, якія лічаць сябе прадстаўнікамі расейскага літаратурнага свету ў Беларусі.

Укладальніца «Полоцкой литературной тетради» - кіраўніца народнага літаратурнага клуба «Литературный ковчег» Святлана Чыжова. Клуб быў створаны ў 2007 г., неўзабаве пасля вядомага рэферэндуму, які абмежаваў правы беларускай мовы ў Беларусі.

Святлана Чыжова аб’яднала вакол сябе ідэйна-літаратурных прыхільнікаў, разам з якімі яна бярэ ўдзел у разнастайных расейскіх літаратурных конкурсах. Улетку гэтага году яна прывезла шэраг узнагарод з фестывалю «Интеллигентный сезон», які праводзіўся ў горадзе Керч. Сярод іншага, полацкая паэтка атрымала прыз глядацкіх сімпатый у намінацыі «Стихи о России».

Таксама летась Святлана Чыжова была ўганаравана дыпломам як удзельніца літаратурнага конкурсу «Во славу России», дзе прэзентавала верш «С фронта» на пазнавальную тэматыку расейска -украінскай вайны. На чыім баку выступае ў гэтай вайне паэтка, якая піша ад імя расейскага салдата, відавочна з наступных радкоў: «Мама! Не вернулся я с войны/Потому, что бой мой не окончен/В мире, слышишь, нету тишины/Видишь, блок агрессии сколочен/К столкновенью жизней призывать/Не перестают лихие люди/Как же мне от битвы отставать/С теми, окопавшимися в блуде…

Падобнага зместу вершы гучаць не толькі на расейскіх паэтычных конкурсах і выходзяць у расейскім перыядычным друку. Святлану Чыжову рэгулярна запрашаюць выступаць у мясцовыя бібліятэкі і Дамы культуры, на публічныя гарадскія мерапрыемствы – адным словам, туды, куды даўно забаронена дапускаць тых, хто дбае пра развіцце не расейскай, а беларускай літаратуры.

Міхась Хмара