Субота, 11 Люты 2023

У Полацку запрацуе «Прыёмная грамадскай супольнасці». Хто ж будзе прадстаўляць «грамадскасць»?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Полацкі райвыканкам абвясціў аб стварэнні першай у Беларусі «Прыёмнай грамадскай супольнасці». Але наіўна было б меркаваць, што грамадскую супольнасць увасобяць прадстаўнікі простага народу, шэраговыя палачане. Прыём будуць праводзіць прадстаўнікі пяці праўладных грамадскіх утварэнняў: Федэрацыі прафсаюзаў, РГА «Белая Русь», БРСМ, Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў і Беларускага саюзу жанчын. Асобнае пытанне – каго чакаюць на такіх прыёмах і з якой мэтай?

Паводле афіцыйнай інфармацыі, грамадская прыёмная будзе «выпрацоўваць і ажыццяўляць мерапрыемствы, накіраваныя на супольную рэалізацыю дзяржаўнай сацыяльна-эканамічнай палітыкі і падтрыманне стабільнасці ў грамадстве». Пра канкрэтныя намеры з гэтых гучных словаў даведацца практычна немагчыма.

«На прыёмы чакаюць людзей, ахвотных дадаць свой унёсак у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёну, у каго ёсць стваральныя ідэі, прапановы і ініцыятывы», – кажуць у райвыканкаме. Але якім будзе механізм ацэнкі прапановаў, іх фінансавання і ўвасаблення – пра гэта жыхарам Полацку не кажуць. Адпаведна, сёння толькі самыя наіўныя людзі здольны паверыць у тое, што мясцовыя ўлады насамрэч гатовы падтрымаць пажаданні, выказаныя «знізу». І сам факт стварэння такой прыёмнай (па ініцыятыве полацкай дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Святланы Адзінцовай) выглядае на спробу імітаваць запрашэнне гараджан да ўдзелу ў жыцці гораду.

«Зацікаўленасць» у прапановах і ініцыятывах выглядае тым больш непераканаўча, калі звярнуць увагу на графік працы «Прыёмнай грамадскай супольнасці: раз на месяц цягам адной гадзіны. Першы прыём адбудзецца 14 лютага ў Цэнтры культуры «Полацк». Якраз у час працы прыёмнай у ЦК запланавана дыскатэка да Дня Святога Валянціна.

Міхась Хмара