Аўторак, 01 Снежань 2015

Андрэя Гайдукова пакаралі штрафам за пікет у памяць зьніклых палітыкаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Памер штрафу склаў 18 базавых велічынь, або 8,1 мільёну рублёў. Такое спагнаньне накладзенае на наваполацкага актывіста аргкамітэту партыі БХД за акцыю салідарнасьці са зьніклымі дзеячамі апазыцыі, якую ён правёў 16 лістапада.

Вывешваньне налепак з партрэтамі Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Зьмітра Завадзкага і Аляксандра Красоўскага і раздачу ўлётак намесьніца старшыні суду гораду Наваполацку Алена Верташонак кваліфікавала як не дазволены ўладамі пікет. Актывіст быў пакараны паводле часткі 3 артыкулу 23.34 КаАП – парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавага мерапрыемства, зьдзейсьненае паўторна цягам аднаго году.

Суд адбыўся 30 лістапада. Сьведкамі ў судзе выступілі Аляксандар Барэткін, супрацоўнік праваахоўных органаў, і Ўладзімер Бяляеў, намесьнік начальніка аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Наваполацкага гарвыканкаму.

Андрэй Гайдукоў сваёй віны ў судзе не прызнаў. Ён лічыць, што суд быў несправядлівым і небесстароньнім, і выказаў намер абскардзіць яго рашэньне.

Віцебская вясна