Субота, 16 Красавік 2016

Аршанцы выступаюць супраць будаўніцтва гандлёвага цэнтру ў двары жылога дому

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Жыхары дому № 10 па вуліцы Сямёнава ў Воршы зьвярнуліся ў мясцовыя і рэспубліканскія органы ўлады з калектыўным лістом. Людзей абурыла, што пад вокнамі жылога дому зьбіраюцца пабудаваць двухпавярховы гандлёвы цэнтар, папярэдне зьнішчыўшы зялёную зону.

Паводле словаў мясцовых жыхароў, пра тое, якія зьмены чакаюцца ў іх двары, яны даведаліся толькі тады, калі там разгарнулася будаўнічая пляцоўка. Людзей, якія за ўласны кошт пабудавалі каапэратыўныя кватэры ў доме № 10 і самі пасадзілі каля яго дрэвы, загадзя ніхто не паставіў у вядомасьць пра заплянаванае будаўніцтва. Пра тое, што тэрыторыю выкупіў прыватны прадпрымальнік пад будаўніцтва гандлёвага цэнтру, даведаліся толькі ад будаўнікоў.

Да таго ж насьцярожыў факт, што, паводле запісу, разьмешчаным на плоце каля будаўнічай пляцоўкі, названая будоўля вядзецца на іншай вуліцы.

У райвыканкаме, куды зьвярнуліся абураныя людзі, ім паведамілі пра тое, што ў 2013 годзе быў праведзены аўкцыён, на якім кожны ахвотны мог набыць спрэчны ўчастак. Права на будаўніцтва ў выніку атрымаў прадпрымальнік зь Віцебску.

Жыхары дому № 10 накіравалі калектыўны зварот у раённыя, абласныя і рэспубліканскія органы ўлады. З адміністрацыі прэзыдэнта ўжо атрымалі адказ: зварот адправілі разглядаць на мясцовым узроўні.

10 красавіка людзі, зацікаўленыя ў спыненьні будаўніцтва гандлёвага цэнтру, правялі сход, на якім падрыхтавалі новы зварот да ўладаў, не такі эмацыйны, як ранейшы, і больш строга аформлены ў адпаведнасьці зь юрыдычнымі патрабаваньнямі. Аднак у райвыканкаме гэты зварот не прынялі, матываваўшы тым, што да іх ужо паступіў ліст, падобны па зьмесьце.

Жыхары дому № 10 плянуюць сумесна наняць адваката і падаць у суд на тых, хто даў дазвол на будаўніцтва гандлёвага цэнтру ў іх двары.