Пятніца, 22 Студзень 2016

Каля 200 прадпрымальнікаў выйшлі ў Віцебску да аблвыканкаму

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Недзе 200 віцебскіх прадпрымальнікаў больш як гадзіну стаялі на марозе перад будынкам аблвыканкаму, чакаючы, чым завершацца перамовы іх дэлегатаў з прадстаўнікамі мясцовай адміністрацыі.

Да аблвыканкаму іпэшнікі накіраваліся пасьля сходу на рынку «Эвіком». Мэта «паходу» ўсё тая ж – скасаваньне прэзыдэнцкага ўказу № 222.

«На перамовы ўнутар будынку пайшлі прадстаўнікі рынкаў і кіраўнік аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Яскевіч. Яна не хацела, каб у аблвыканкам пайшоў і я. Я саступіў ёй, застаўся на парозе аблвыканкаму. Дэлегатаў прынялі супрацоўнікі дэпартамэнту па разьвіцьці прадпрымальніцтва і падатковай інспэкцыі. Яны паведамілі, што кіраўнікі больш высокага рангу – старшыня аблвыканкаму ці хтосьці зь яго намесьнікаў – сёньня прыняць прадпрымальнікаў ня могуць. Але паабяцалі, што гэта адбудзецца ў чацьвер, 28 студзеня. Прызначылі і час – 11:00», – распавёў намесьнік старшыні рады РГА «Пэрспэктыва» Анатоль Шапавалаў.

Паводле яго слоў, знаходзячыся ля будынку аблвыканкаму, прадпрымальнікі выкрыквалі: «Працу!» І «Скасаваньне». «Патрабавалі скасаваньня ўказу № 222», – растлумачыў прадстаўнік «Перспэктывы».

«На парозе будынку знаходзіліся каля 200 чалавек. Хтосьці часам адыходзіў пагрэцца. Улады, вядома, маглі і прыняць людзей у нейкую залю, каб яны больш за гадзіну, пакуль ішлі перамовы, ня мерзьлі на марозе. Для гэтага ў аблвыканкаме знайшлося б памяшканьне», – лічыць Анатоль Шапавалаў.

У выніку чыноўнікі паабяцалі іпэшнікам адправіць у Саўмін іхную заяву, у якой прадпрымальнікі паведамляюць, што ўмовы ўказу № 222 для іх невыканальныя.

Нагадаем, да гэтага віцебскія іпэшнікі хадзілі да аблвыканкаму перад Калядамі, 6 студзеня, тады зь імі сустрэўся намесьнік старшыні Алег Мацкевіч. А на гэтым тыдні, 18 студзеня, каля мясцовай адміністрацыі зьбіраліся прадпрымальнікі Наваполацку.

Паводле ацэнцкі лідэраў прадпрымальнікаў, на сёньняшні дзень у абласным цэнтры рынкі «стаяць» прыкладна на 85%.

Крыніца: Тут.бай