Нядзеля, 09 Красавік 2017

Леанід Аўтухоў – на волі!

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Леанід Аўтухоў Леанід Аўтухоў

У нядзелю зь віцебскага Ізалятара часовага ўтрыманьня выйшаў Леанід Аўтухоў – першы з пакараных пятнаццацьцю суткамі арышту за сьвяткаваньне Дня Волі.

Сябра БНФ і руху «За свабоду» з Гарадка Леанід Аўтухоў, які быў адным з найактыўнейшых удзельнікаў сьвяточных імпрэзаў 25 сакавіка ў Віцебску, выйшаў на свабоду з глыбокім перакананьнем таго, што наперадзе беларусаў чакаюць перамены.

Зразумела, што ўлада не магла дараваць апазыцыянэру і грамадзкаму актывісту дэманстрацыйнай праявы вольнага духу. 15 сутак арышту паводле артыкулу 23.34, вынесеныя яму судом Кастрычніцкага раёну Віцебску, можна лічыць таму яскравым пацьвярджэньнем. Дарэчы, праваахоўнікі зрабілі ўсё магчымае, каб у судовую залю на працэс ніхто не патрапіў. Таму першае пытаньне нашага карэспандэнта па выхадзе гарадоцкага актывіста з ізалятара тычылася менавіта гэтага моманту.

Карэспандэнт: Леанід, ты ня надта перажываў з-за таго, што да цябе на суд не патрапіў ніводзін з тваіх знаёмых?

Леанід Аўтухоў: Перажываць – я не перажываў. Дый які суд? Шчыра кажучы, я такога працэсу не чакаў. Суд мне нагадаў судзілішча 37-га году. Усё гэтаксама, як ва ўспамінах вязьняў сталінскага ГУЛагу. Ніякіх табе сьведак, ніякага адваката. Ніводнае хадайніцтва судзьдзём Ігарам Макарэвічам не задаволенае. Ён проста зачытаў паперкі з матэрыялаў справы і абвясьціў вырак – усё! Па сутнасьці, ня даў раскрыць рот: ты – ніхто і зваць цябе ніяк. Прысуд быў вядомы і вынесены загадзя. Але перамога ўжо блізкая! Гэтай уладай людзі не задаволеныя нават у ізалятары часовага ўтрыманьня. Людзям няма, за што жыць, няма, дзе схавацца ад самавольства ўладаў.

Распавядзі, як ставіліся да цябе праваахоўнікі пад час твайго затрыманьня і зьняволеньня?

Я заўжды казаў, што супрацоўнікі міліцыі на баку народу, што яны ненавідзяць уладу яшчэ больш за нас. Узяць ІЧУ – у іх адну зьмену скарацілі, цяпер ім даводзіцца працаваць без выходных, то бок аддзяжурыўшы суткі, праз два дні ізноў даводзіцца заступаць на суткі. Калі браць пад увагу, што працоўны дзень складае восем гадзінаў, атрымліваецца, што супрацоўнікі працуюць трыццаць дзён у месяц, і за перапрацоўку ніхто ня плаціць. Таму яны ненавідзяць уладу лютай нянавісьцю. Калі ўлада пахісьнецца, іх трэба будзе тэрмінова раззбройваць, бо з лукашыстаў тады ніхто не ўратуецца. Яны таксама пакрыўджаныя, таму я б сказаў, стаўленьне да нас было добрае.

І, калі ласка, некалькі словаў пра ўмовы ўтрыманьня.

Што можна сказаць пра ўмовы ўтрыманьня: сядзеў у прыбіральні. 15 сутак – у прыбіральні. Якія могуць быць умовы ў сталінска-гебэльскай сыстэме?

На разьвітаньне спадар Леанід папрасіў перадаць прывітаньні ўсім, хто падтрымліваў яго на працягу арышту, усім хто дасылаў лісты і паштоўкі.

“Усё будзе добра, беражыце сябе, беражыце свае сем’і, беражыце Беларусь!” – адзначыў ён.

С. Горкі